У Глыбокім пакланяюцца вішнёвай каралеве

У Глыбокім завяршыўся традыцыйны Вішнёвы фэст – свята, якое адзначаюць напрыканцы ліпеня, калі ў вішнёвай сталіцы Беларусі спеюць смачныя чырвоныя плады, тыя самыя, якія яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя вывеў мясцовы селекцыянер Баляслаў Лапыр.

Людміла Цырлюк, наведніца вішнёвага фэсту, Глыбокае: «Шосты год я ўжо на гэтай плошчы. Заўзею, захапляюся. Кожны год чакаю дэлегацыі, асабліва грузінаў. З жаданнем пабачыць, пачуць гэтую небывалую энергетыку».

І сапраўды – заварожвае! Колькі ж патрэбна часу, каб вывучыць грузінскі танец? Пытанне адрасуем кіраўніку калектыву.

Анзор Сулханашвілі, кіраўнік калектыву з Грузіі: «Гады, прыкладна 5–6 гадоў, і тое… будзе танчыць ці не – ад Бога залежыць».

Аднак і іншых танцаў у Глыбокім не бракавала. На свята прыехалі госці не толькі з Грузіі, але і з Польшчы, Латвіі, Расеі, Малдовы ды Украіны.

Вікторыя Білан, міс-экстрым свету – 2018, наведніца з Украіны: «Нарэшце хтосьці з Украіны даведаецца, што ёсць такі беларускі горад, як Глыбокае. Апроч таго, што ёсць згушчанка. Я ўжо ўсім распавяла, наколькі яна папулярная».

Сярод тых, хто завітаў у Глыбокае гэтымі днямі, і Аляксандр Корсак з Варшавы – непасрэдны нашчадак роду Корсакаў, якія калісьці валодалі беларускім мястэчкам. Госць з Польшчы наведвае фестываль кожны раз з 2014 года.

Аляксандр Корсак, наведнік вішнёвага фэсту, Польшча: «Тут сустракаюцца прадстаўнікі краінаў, паміж якімі, калі паслухаць навіны па тэлебачанні, адбываюцца не вельмі добрыя рэчы. Але, прыязджаючы ў Глыбокае, гэтыя людзі разам спяваюць, разам ядуць, разам бавяць час. Гэта вельмі па-хрысціянску, і гэта, бадай, галоўнае ў гэтым фестывалі».

Сёлета ўраджай вішняў на Глыбоччыне, на жаль, ня самы лепшы. Аднак святу – быць, пастанавілі мясцовыя ўлады. Ды заклалі яшчэ адныя прысады каля мясцовага возера – вішнёвыя.

З кожным годам, лічаць наведнікі фестывалю, турыстычны патэнцыял Глыбоччыны расце. Усё больш людзей шукаюць крэатыўныя турыстычныя праграмы.

Наталля Трафімава, гаспадыня аграсядзібы «Утрына», Глыбоччына: «У нас у Рэспубліцы Беларусь усяго тры спажывецкія кааператывы. Пры гэтым два з іх працуе ў Глыбоцкім раёне. Мы – лідары ў аб’яднанні!»

Адзін з самых смачных беларускіх фестываляў, як тут кажуць, Вішнёвы фэст – грымеў у Глыбокім цэлыя пяць дзён, ды адбыўся ўжо сёмы раз. А два гады таму імпрэза атрымала статус міжнароднага свята.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама