У Беларусі памерлі два пацыенты з каронавірусам


У Беларусі пандэмія COVID-19 забрала жыцці двух чалавек. Адною з ахвяраў стаўся актор Віцебскага тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Ён памёр ад наступстваў заражэння каронавірусам. Правільны дыягназ 75-гадоваму Дашкевічу паставілі не адразу. У рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх ён быў 6 дзён.

Смерць актора пракаментаваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Мы падазраем, што ў Віцебску гэты актор памёр, і ў яго таксама быў да пнеўманіі ды іншага яшчэ і гэты вірус. Ну мы ж прасілі (яму заўтра 80 гадоў будзе): чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?»

Рэпетыцыі ў Коласаўскім тэатры працягваюцца. Петыцыя з патрабаваннем тэрміновага каранціну ў беларускіх тэатрах з’явілася на інтэрнэт-платформе «Зручны горад». Аўтары асцерагаюцца, што смерць віцебскага актора можа аказацца не адзінкавай:

«Працягваючы працу ў штатным рэжыме, нават з улікам прынятых захадаў прафілактыкі, мы ставім пад пагрозу здароўе і жыццё гледачоў, працаўнікоў тэатру, іхных родных і блізкіх. Мы лічым гэта недапушчальным!»

Другая ахвяра пандэміі COVID-19 у нашай краіне – Аляксандра Чэпік з Віцебску. 73-гадовая жанчына памерла напярэдадні. У яе быў станоўчы вынік тэсту на каронавірус. Інфармацыяй з «Белсатам» падзялілася дачка памерлай Наталля Чэпік:

«Нашыя ўлады маняць, вы мусіце напісаць праўду. Развілася пнеўманія. Яна дыхала першапачаткова, а пасля перастала дыхаць. Ёй падключылі апарат штучнага дыхання. Я гавару: падступны каронавірус. Яна мела яшчэ жыць, жыць і жыць».

Праз тое, што ўлады замоўчваюць рэальную сітуацыю пра распаўсюд каронавіруса, людзі жывяцца чуткамі.

«Я чуў, што сёння ў чыгуначнай больніцы памёр не адзін чалавек з пнеўманіяй. Наколькі праўда, я не ведаю. Можа, толькі чуткі. А наагул у мяне ёсць знаёмыя, якія кажуць, што за апошні месяц не адзін дзясятак людзей памерлі, не канкрэтна каронавірус, а інфекцыйнае захворванне», – кажа жыхар Віцебску.

Тым часам на двухтыднёвы каранцін адправілі дактароў Капыльскай раённай больніцы. Жыць яны будуць на працы. Пра гэта выданню «Наша Ніва» паведаміў галоўны доктар установы Сяргей Пацяйковіч. У нядзелю медыкі прыязджалі спраўдзіць здароўе жыхароў Новых Доктаравічаў, Доктаравічаў і Вуглоў.

Распаўсюд каронавіруса ў Беларусі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, на піку:

«Мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захворвання) на піку. Я ўжо малю Бога, каб да Вялікадня гэты пік сышоў уніз».

Гарадзенскі медык Аляксандр Лобан кажа, што адчуванні Лукашэнкі і рэальнасць, навуковыя звесткі і досвед іншых краінаў – гэта розныя рэчы:

«Зразумець можна толькі тады, калі гэты пік будзе пройдзены. І лічбы захворванняў штодзённыя будуць памяншацца».

Тым часам айчыннае Міністэрства аховы здароўя толькі пад канец свайго працоўнага дня падзялілася інфармацыяй пра эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Гаворыцца пра адзін смяротны выпадак, лічбы новых інфікаваных каронавірусам не паведамляюць. Кажуць толькі пра адзінаццаць асобаў, якія паступілі ў медычныя ўстановы з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю.

Анастасія Русецкая, «Белсат»