У Беларусі абмяркоўваюцца новыя правілы абыходжання з жывёлаю


Сёння на стэрылізацыю Бажэна прывезла ўжо чацвёртую котку – усіх жывёлінаў яна падабрала ды прывяла ў парадак: вылекавала, вакцынавала і стэрылізавала. Стэрылізацыю бяздомнай жывёлы разглядаюць як адну з захадаў развязаць праблему з колькасцю бадзяжных катоў і сабакаў.

У Міністэрстве ЖКГ учора абмяркоўвалі магчымасці ўвесці новую праграму для абыходжання з жывёлаю. Гэтая праграма прапаноўвае безнаглядных жывёлінаў адлоўліваць, вакцынаваць і стэрылізаваць, а потым адпускаць у ранейшыя месцы пражывання. Такая праграма ўжо дзеіць, напрыклад, у Францыі, адкуль у Беларусь другі раз прыехала прадстаўніца міжнароднага Фонду дапамогі жывёле Брыжыт Алюа. Паводле спадарыні Алюа, французская праграма стэрылізацыі паспяховая, а вось у Беларусі сітуацыя са стаўленнем да жывёлы вымушае жадаць лепшага.

«Як я ведаю, працягваюцца адловы і забойствы жывёлінаў. Іх адстрэльваюць або забіваюць токам», – кажа Брыжыт Алюа.

Прадстаўнік «Фаўны гораду» Ігар Цыема, што адказвае за адлоў жывёлы ў Менску, словы пра адстрэл і забойства токам зняпраўджвае:

«Адлоўліваюць сеткамі. У нас ёсць сабакі, якія два гады стаяць».

Усыпляюць, паводле ветэрынарнага фельчара, бязбольна і перадусім хворых, перад гэтым увёўшы наркоз. Летась у Менску адлавілі амаль 3,5 тысячы бадзяжных жывёлінаў, больш за палову ўсыпілі. Але каты і сабакі не плодзяцца тысячамі на беларускіх вуліцах.

«Першакрыніцы – былыя хатнія. Многія людзі маюць няправільнае стаўленне і ўяўленне пра жывёлу», – кажа Ігар Цыема.

Для такой праблемы патрэбны цэлы комплекс захадаў, мяркуюць адмыслоўцы. Праграма стэрылізацыі з наступным выпускам і закон аб утрыманні хатніх жывёлінаў, іхная абавязковая ідэнтыфікацыя. Караліна Харытончык, ветэрынар «Альфавет», лічыць:

« Гэтая адказнасць павінная ляжаць на ўладальніках і на дзяржаве – «Фаўне гораду».

І адным з патрабаванняў закону аб утрыманні хатніх жывёлінаў мусіць зрабіцца стэрылізацыя гадаванцаў, якія не ідуць у развод.

«Жывёліны, якія знікаюць, выпадаюць з вокнаў і становяцца з нейкай прычыны бяздомнымі, не будуць далей размнажацца», – кажа Караліна Харытончык.

Котка Бажэны стэрылізацыю перанесла паспяхова. А самая гаспадыня ўпэўненая: менавіта такі падыход да жывёлы – адказны і з боку ўладальнікаў, і з боку дзяржавы – першы крок на шляху да развязання праблемаў.

Алена Дубовік, «Белсат»