У Беларусь вярнулася смяротна небяспечная сібірская язва?


Пару дзён таму з’явілася паведамленне пра выпадак сібірскай язвы ў жывёлы – упершыню за 20 гадоў у Беларусі. Гэтая хвароба смяротна небяспечная для людзей. Ці варта біць трывогу, ці была тая язва насамрэч? Нашыя карэспандэнты выехалі на Століншчыну.

Чыноўнікі кажуць пра сібірскую язву, а мясцовыя жыхары рэагуюць эмацыйна:

«Гэта сібірская язва, што яны з Менску папрыязджалі ўсе – гэта брахня».

Пра тое, што ў вёсцы Хотамель на Століншчыне выявілі небяспечную інфекцыю, паведаміла Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ад сібірскай язвы здох адзін конь з прыватнай гаспадаркі, і яго ўжо спалілі. У вяскоўцаў жа іншыя звесткі:

«Мо коней пяць, мо і больш».

«Колькасцю шэсць штук, не менш».

«Казалі 13, а цяпер кажуць, 16 коней здохла».

Хотамель мае пад тысячу жыхароў, столькі ж у суседняй вёсцы Рубель. Людзі жывуць тут пераважна з уласнай гаспадаркі – гадуюць свіней, вырошчваюць гародніну, таму коні тут амаль на кожным падворку.

«Мы жывем на гэтых парасятах, коні трымаем, каб не наймаць. Работы няма, грошай няма, каб заплаціць, то трымаем коні, каб пахаць. Па гектары поля і болей трымаем, то нас коні і дзержаць» – распавядае жыхарка вёскі Хотамель Людміла.

І ў Хотамелі, і ў Рублі ўлады цяпер праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы супраць сібірскай язвы:

«Хто прыватнікі трымаюць коней – нармальны конь, і на прышчэпку не хоча даваць ніхто».

«Рабілі прышчэпкі. І майму каню рабілі, усім рабілі. Казалі, што будуць з міліцыяй хадзіць і змушаць рабіць» – распавядаюць вяскоўцы.

З міліцыяй, паводле вяскоўцаў, праходзіў і сход у вёсцы з нагоды інфекцыі, а вось мясцовых уладаў на ім не было:

«Учора сход быў – было пяць або шэсць чалавек міліцыі».

«Былі галоўныя. Тыя папрыязджалі здалёк, а гэтых нашых не было, не прыходзілі. – А што было на сходзе? Хто праводзіў? – З райкаму».

На пытанні, ад чаго падохлі коні, ці адкуль узялася ў асобнай вёсцы сібірская язва, чыноўнікі адказаць людзям не змаглі.

«Ніхто нам нічога не кажа, адкуль яна ўзялася. Яна, атрымліваецца, з неба ўпала, бо нідзе няма, толькі ў Хотамлі і толькі ў тым месцы», – адзначае жыхар вёскі Хотамель Грыгорый.

Вяскоўцы маюць наконт паходжання хваробы ўласнае аднагалоснае меркаванне:

«Гэта не сібірская язва, а патравілі кукурузу ды зрабілі сібірскую язву».

«Ніводная карова не здохла. Бо не хадзіла па папасах, дзе пакроплена было».

«Нашыя коні ходзяць тут на балоце – ні адзін не здох, выдумалі сібірскую язву і ўсё. – А чаму яе выдумалі тады? – Я не знаю. Хто каго хоча прыкрыць – я нічога не знаю».

Адмысловец у ветэрынарыі Іван Патапенка, лічыць, што схаваць атручанне пад выглядам сібірскай язвы не атрымалася б – занадта розныя сімптомы. Інфекцыя развіваецца вельмі хутка – на скуры з’яўляюцца пухіры, карбункулы, атручанне ж праяўляецца інакш.

«Так, жывёла труціцца, можа быць панос, губляць апетыт, жывёле можа быць кепска. Калі моцнае атручанне – жывёла можа адразу здохнуць, але з сібірскаю язвай нерэальна пераблытаць», – лічыць Іван Патапенка.

Ці стане захворванне жывёлы ў Хотамелі морам, кшталту афрыканскай чумы свіней, залежыць не толькі ад прафілактычных мерапрыемстваў, але і ад таго, наколькі мясцовыя жыхары адказна паставяцца да праблемы. А гэта ўжо пытанне даверу насельніцтва да ўладаў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu