Тысячы ў чэргах, што хочуць пераменаў: «Адным словам – на-да-ку-чыў»


Збор подпісаў, які ў выніку перарос у стыхійны мітынг за адстаўку Лукашэнкі. Чарга да пікету патэнцыйных кандыдатаў на Камароўскім рынку расцягнулася на сотні метраў.

Жыхары Менску:

«Улады баяцца, што мы іх скінем. І што не будзе больш прэзідэнта на прозвішча Лукашэнка».

«Мы мусім паспрабаваць паставіць свае подпісы, свой голас. Бо так будзе цяжэй сфальсіфікаваць выбары».

У родным горадзе аўтара каналу «Страна для жизни» – у Гомлі – таксама было горача і шматлюдна.

Жыхары Гомля:

«Мы б не прыйшлі сёння сюды, каб не правакацыя ў Горадні. Мы б сядзелі на канапе і гледзелі б тэлевізар».

«Ён мяне з канапы падняў. Я з 2000 года гляджу за выбарамі, і ведаю, як было з Казуліным, Марынічам, Някляевым. А тут нешта з’явілася, закалыхала, вось і выйшаў».

А гэта – Магілёў. Нягледзячы на моцны дождж, чарга да пікетаў Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы перад гарвыканкамам расцягнулася на ўсю плошчу.

Жыхары Магілёва:

«За ўсіх пастаўлю. Бо трэба, каб была справядлівасць, каб усё па сумленні».

«Мы тут на знак пратэсту. Мы супраць узурпатара. Стоп таракан!»

«Надакучыла трываць рэжым Лукашэнкі. Дожджык можна пацярпець, гэта пройдзе. Трэба бароцца!»

Вольга Кавалькова, патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва: «Паглядзіце на гэтыя чэргі. Людзі гатовыя сёння падпісвацца і запісвацца ў каманды людзей, якія выступаюць супраць дыктатуры».

Яшчэ адзін прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – Павел Севярынец – завітаў на пікет у Віцебску.

Павел Севярынец, Беларуская хрысціянская дэмакратыя: «Беларусам давядзецца выходзіць не на выбары з белютэнямі і з голасам, а на пратэсты, нацыянальны страйк, калі пратэсты будуць разганяцца альбо душыцца, як мы бачылі ў Горадні».

Жыхары Віцебску:

«Надакучыў. Адным словам – на-да-ку-чыў».

«Мы хочам жыць у сапраўднай, свабоднай Беларусі».

Гарадзенцы ж сёння мелі магчымасць паставіць подпіс не толькі за Святлану Ціханоўскую, але і за лідара гурта «Зніч» Алеся Таболіча.

Алесь Таболіч, патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва: «Штосьці мяняецца, і ў моладзі, і ў грамадстве, і ў палітычным жыцці краіны. Гэта клёва, клёва, клёва. Будзем назіраць далей і рабіць усё магчымае, каб усё ж такі Аляксандр Рыгоравіч Другі далей прайшоў».

А ў Берасці сёння спалучыліся адразу дзве акцыі: пікет за вылучэнне Святланы Ціханоўскай і традыцыйны нядзельны пратэст супраць акумулятарнага заводу «АйПаўэр».

Міхась, удзельнік акцыі кармлення галубоў: «Прыйшоў, каб выказаць свой пратэст супраць гвалтоўнага затрымання Сяргея – абсалютна беспадстаўнага».

Збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі працягнецца да 19 чэрвеня ўключна. За месца ў выбарчым спісе сёння змагаюцца 15 патэнцыйных кандыдатаў. Сярод іх і дзейны кіраўнік Беларусі.

Віталь Бабін, «Белсат»

Фота вокладкі: Natalia Fedosenko / TASS / Forum