Ці фальсіфікуюць настаўнікі выбары?


Былога настаўніка Андрэя ўлучылі ў спіс чальцоў камісіі аднойчы, але ён адмовіўся выконваць гэтыя абавязкі і быў пакараны.

«Як заўсёды, ніякай прэміі. Чым можна яшчэ наказаць настаўніка? Ціск? Ён заўсёды быў. У гэтай сістэме па-іншаму не можа быць. Па-іншаму я не бачыў», – расказвае Андрэй Жалязка.

Выбарчая камісія на ягоным участку заўсёды складалася з настаўнікаў.

«Я збольшага згодны з тым, што настаўнікі фальсіфікуюць, таму што вельмі многа маладых спецыялістаў, па-другое, заробак у нас маленькі, і многа настаўнікаў – гэта жанчыны, у якіх дзеці, пятае, дзясятае. І іх прасцей, як мне падаецца, прымусіць да гэтага», – тлумачыць Андрэй Жалязка.

Падпарадкоўвацца сістэме Андрэй не здолеў і звольніўся. Настаўнікаў часта вінавацяць у датычнасці да фальсіфікацыяў на выбарах. За апошні тыдзень зʼявілася некалькі зваротаў менавіта да педагагічнай супольнасці з заклікам быць сумленнымі і згадаць пра ўласную місію.

Некалькі педагогаў сапраўды пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю і былі звольненыя. Ганна Севярынец са Смалявічаў – за зварот да прэзідэнта, Алена Смірнова з 4 гімназіі – за адмову галасаваць датэрмінова. Але пратэст не масавы. Тамара Мацкевіч з Таварыства беларускай школы тлумачыць прычыны:

«Сродкамі масавай інфармацыі і рэжымам навязаны гэты стэрэатып, што настаўнік – фальсіфікатар і настаўнікі проста не вераць, што можна адмыцца. Страх у грамадстве. Мы не здолелі паказаць настаўнікам, што яны штосьці могуць змяніць».

Тамара Мацкевіч прааналізавала склад камісіяў у Партызанскім раёне і ўпэўненая, што роля настаўнікаў у выбарах перабольшаная.

«Цяпер тут 37 камісіяў. 18 знаходзяцца фізічна ў сярэдніх школах, але толькі тры сфармаваныя з настаўнікаў. Трактарны завод сфармаваў 8 камісіяў, Маторны завод – 3 камісіі, з дактароў сфармаваныя 3 камісіі, Завод шасцерняў – 3 камісіі».

Звольненыя педагогі, якія не пабаяліся пайсці супраць сістэмы, звяртаюцца па дапамогу ў ініцыятыву «Сумленныя людзі».

«Дапамога бывае розная. Фінансавая: есці ўсім хочацца. І дапамога ў перанавучанні, пошуку новай працы. Чалавек, які пацярпеў за свае перакананні і за тое, што ён сумленны, не застанецца адзін», – расказвае Аляксандр Хоміч з ініцыятывы «Сумленныя людзі».

Афіцыйнай інфармацыі пра месца працы чальцоў камісіі няма, мы прааналізавалі тыя, што месцяцца ў 7 гімназіі Менску. Першую ўзначальваюць работнікі Менскага камбінату хлебапрадуктаў, у другой – работнікі Белтэлекаму. Усе працуюць у адной арганізацыі.

«Камісіі для сваіх. Але калі туды хтосьці трапляе звонку, то ён на мяжы статыстычнай хібнасці. Тыя, хто вылучаецца ад праўладных арганізацыяў, працэнт іх праходжання складае ад 90 да 100», – лічыць палітык, лідар БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.

Выбарчае заканадаўства не абавязвае пазначаць месца працы, а фізічнае размяшчэнне камісіяў у школах дае падставу думаць, што складаюцца яны толькі з настаўнікаў.

Алена Дубовік, «Белсат»