Цана нафты можа рэзка падскочыць – і вось чаму


14 верасня 2019 года. Дым ад пажару над нафтаперапрацоўчым заводам «Aramco» ў Абкаіку ў Саудаўскай Аравіі. Фота – Hamad I Mohammed / Reuters / Forum

У выніку атакі беспілотнікаў з выбухоўкаю на радовішчы Хураіс і Абкаік, праведзенай увечары 14 верасня, здабыча нафты ў Саудаўскай Аравіі скарацілася на 5 мільёнаў барэляў у суткі. Гэта прыкладна 5 % усёй нафты, якая здабываецца ў свеце.

Эр-Рыяд ацэньвае, што ў выніку пажару на радовішчах нацыянальнай кампаніі «Aramco», здабыча нафты скароціцца ўдвая. Адказнасць за напад на сябе ўзяў еменскі рух хусітаў.

«Гэта місія – частка нашага законнага і натуральнага права рэагаваць на агрэсію і даклады ў дачыненні нашае краіны цягам апошніх пяці гадоў. Гэтую аперацыю можна лічыць адной з найбуйнейшых, што здзейснілі нашыя сілы», – заявіў вайсковы прадстаўнік хусітаў Ях’я Сара.

Барацьбу супраць хусітаў вядзе міжнародная кааліцыя на чале з Саудаўскаю Аравіяй. Між тым еменскага следу ў інцыдэнце прынамсі ЗША не бачыць. Дзяржсакратар Майкл Пампэёў усклаў адказнасць за атакі на Іран.

«Іран дэстабілізуе ўвесь гэты рэгіён. Ён падтрымлівае пасярэдніцкія фармаванні і тэрарыстычныя групы. Ён гандлюе зброяй для паўстанцаў хусітаў у Емене. Іран праводзіць кібер-хакерскія кампаніі. І гэтая краіна падтрымлівае рэжым Асада», – сказаў Пампэёў.

Следам за кіраўніком амерыканскае дыпламатыі сенатар-рэспубліканец Ліндзі Грэм заклікаў наносіць удары па нафтавым аб’ектам Ірану ў выпадку паўтарэння падобных атак.

Відэарэпартаж глядзіце ў поўным выданні навінаў за 15 верасня

У Тэгеране рашуча зняпраўджваюць абвінавачанні з Вашынгтону і намякаюць на магчымасць рэальных удараў.

«База аль-Удайд у Катары, база аз-Зафра ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і адзін амерыканскі карабель у Аманскай пратоцы перабываюць пад прыцэлам і ў выпадку адказу з боку Амерыкі, мы б ударылі па ім», – заявіў камандзір вайскова-касмічных сілаў вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі Амір Алі Хаджыхадэ

«АрАмко» – ключавы гулец на глабальным рынку: 10 % сусветных паставак нафты прыходзіць менавіта з гэтае кампаніі. А таму аналітыкі выказваюць занепакоенасць, што страты «Aramco» могуць выклікаць падаражэнне чорнага золата. Толькі на гандляваннях у панядзелак кошты могуць вырасці на 5–10 %, а ў доўгатэрміновай перспектыве павелічэнне коштаў можа дасягнуць $ 100 за барэль. Між тым Саудаўская Аравія паспрабуе скампенсаваць дэфіцыт з рэзерву.

«У 2016 і 2015 гадах Саудаўская Аравія павялічыла магутнасць вытворчасці да таго, як падпісала пагадненне ОПЭК аб скарачэнні вытворчасці. Таму існуюць значныя рэзервы, якія маглі б падтрымаць і дапамагчы Саудаўскай Аравіі ў найбліжэйшыя дні, пакуль здабыча зноў не вернецца», – патлумачыў старшыня навукова-даследчых працаў «Al Rajhi capital» Мазэн Ас-Судайры.

Выбухі на радовішчах прывялі да прыпынення вытворчасці. Між тым большую частку здабычы, імаверна, удасца аднавіць праз два дні – сцвярджаюць крыніцы інфармагенцтва «Bloomberg».

Юлія Лабанава, «Белсат»