Трэці дзень судоў: судзяць тых, каго ўвогуле не было на акцыях


Сказаў «Жыве Беларусь!» – за краты, прачытаў літаратурны твор пра любоў да радзімы – штраф! За ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй на лаве падсудных аказаліся не толькі пісьменнікі, выкладчыкі і актывісты, але і тыя, каго ўвогуле не было на месцы падзеяў – на акцыі.

Паэт Уладзімір Някляеў і пісьменнік Уладзімір Арлоў – творцы, чые імёны вядомыя не толькі ў Беларусі, іхныя кнігі – на паліцах кнігарняў і бібліятэк. Абодвух судзілі ў Ленінскім раённым судзе сталіцы за тое, што выйшлі на акцыю дзеля абароны незалежнасці Беларусі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Уладзіміра Арлова судзілі ўпершыню ў жыцці і ўпершыню – за чытанне на плошчы свайго твора «Незалежнасць – гэта…» Эсэ пісьменнік зачытаў і ў судзе, вынік якога – 540 рублёў штрафу. Штопраўда, спадар Уладзімір падрыхтаваўся і да горшага: на працэс прыйшоў з гэтак званымі содневымі сушкамі:

«На судзе здарыўся цікавы прэцэдэнт: па сутнасці мяне судзілі за чытанне літаратурнага твора. У найноўшай гісторыі не памятаю такога прыкладу: вершы гучалі, песні гучалі, народныя песні спяваў, як вядома, Пятро Садоўскі».

Прэцэдэнт – тое, што было і на іншых працэсах трэцяга дня судоў над абаронцамі незалежнасці Беларусі. Паэта Уладзіміра Някляева аштрафавалі на 810 рублёў у ягоную адсутнасць. А палітыка Юрася Губарэвіча звінавацілі ў тым, што ён даваў інтэрв’ю журналістам, і пакаралі такім жа штрафам:

«Уся мая віна ў тым, што я знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы і даваў інтэрвʼю сродкам масавай інфармацыі. Ніякіх іншых доказаў удзелу не было. Справы пастаўленыя на канвеер: міліцыянты дасылаюць пустыя паперкі, а суддзя загадзя ведае, які штраф павінна вынесці».

Журналістку газеты «Новы час» Дзіяну Серадзюк, якую напярэдадні ўзнагародзілі прэстыжнаю праваабарончай прэміяй, у судзе звінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах, хоць на месцы падзеяў яе не было. Пратакол усё ж вярнулі на дапрацоўванне, але журналістка ня цешыць сябе надзеяй на станоўчы вынік:

«Я не здзіўлюся варыянту штрафу, бо суды працуюць не паводле справядлівасці, не паводле закону, а паводле даведзеных зверху загадаў».

Штрафамі ад 810 да 1350 рублёў сёння пакаралі Вольгу Кавалькову, Ніну Багінскую, Ганну Шапуцьку, Святлану Каваленку, Маю Навумаву і шмат іншых палітыкаў ды актывістаў.

«На гэтых акцыях апынаюцца людзі, якія вераць, што незалежнасць Беларусі – галоўная канстытуцыйная каштоўнасць для грамадзянаў гэтай краіны. А тое, што ўлада спрабуе вось гэтымі судамі заглушыць спробы людзей на знак пратэсту, ці гэта атрымаецца, не ведаю. Я думаю, што гэта не першая хваля рэпрэсій. Паглядзім», – кажа кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

Яшчэ да завяршэння трохдзённага судовага канвееру ініцыятыва «BY_Help» абвесціла збор сродкаў на выплаты штрафаў для абаронцаў незалежнасці Беларусі.

Галіна Абакунчык belsat.eu