Транспартнага калапсу з-за перабудовы мосту ў Віцебску не будзе


Апошні тыдзень жыхары Віцебску актыўна абмяркоўваюць закрыццё на рамонт шляхаправоду «Полацкі» – ледзь не галоўнага транспартнага злучэння гораду. Улады доўга не агучвалі падрабязнасцяў, што, вядома, выклікала ў жыхароў абласнога цэнтру заклапочанасць. Ці не створыць гэта транспартнага калапсу?

Жыхары Віцебску абураюцца:

«Нічога добрага не думаем. Я працую на Фрунзе, і мне цяпер праз увесь горад трэба дабірацца. Муж таксама там працуе, а дзеці тут ходзяць у садок. Мы адрэзаныя ад гораду будзем!»

«Трэба неяк павялічваць колькасць аўтобусаў, бо гэта не справа! Тут такі пасажырапаток – раёны гэтыя не маленькія! Я, вядома, супраць!»

«Безумоўна, гэта нязручна. Увесь транспарт ідзе праз гэты мост».

Ці не створыць рэканструкцыя мосту транспартнага калапсу ў горадзе? Гэтае пытанне нашыя журналісты хацелі задаць на адмысловай прэс-канферэнцыі, якая сёння праходзіла ў Віцебскім гарвыканкаме. Аднак не атрымалася.

«На гэтую прэс-канферэнцыю не змог трапіць ніводны грамадзянін нашага гораду. А змаглі трапіць толькі тыя журналісты, якіх спецыяльна запрасілі ўлады. Тыя журналісты, якія прыйшлі без запрашэння, не змаглі трапіць. Было заяўлена, што вы ўсё даведаецеся з тых медыяў, да якіх мы маем давер», – каментуе праваабаронца Павел Левін.

Газета «Віцебскія весці», відавочна, мае давер уладаў. Пасля канферэнцыі выданне паведаміла, што праблемаў з транспартам узнікаць не будзе. Бліжэйшым аб’езным шляхам для большасці маршрутаў грамадскага транспарту стане пуцеправод Металістаў. У горадзе пусцяць дадатковыя аўтобусы, а на іншых трамвайных маршрутах павялічаць колькасць саставаў, каб не дапусціць скарачэння персаналу. Уладзімір Булаўскі, грамадскі актывіст, тлумачыць:

«Я думаю, што нейкіх звышкрытычных сітуацыяў не ўзнікне. Адзінае, што хацелася б, гэта пажадаць дзяржаўным структурам своечасова інфармаваць насельніцтва наконт падобных пытанняў. Бо ў 21-м стагоддзі затрымка 4-5 дзён па прад’яўленні інфармацыі, вядома, абуральная ды падрывае давер да дзяржаўных крыніцаў інфармацыі».

Рэканструкцыя, якая пачнецца 15-га лістапада, прадугледжвае поўны знос мосту і будаўніцтва новага. Тэрмін рэалізацыі праекту – чатыры гады, аднак ужо праз два ўлады абяцаюць пусціць праз новы шляхаправод аўтамабільны рух.

Міхась Ільін, belsat.eu