«1863» – так называецца студыя татуіроўкі, што адкрылася ў Беразіне. Адметнае нават не самое існаванне такога салону ў правінцыі. Татуіроўкі на нацыянальную тэматыку тут прынцыпова робяць выключна за кошт матэрыялаў для іх выканання. То бок працуюць майстры фактычна задарма!
У афармленні студыі выкарыстаныя арнамент, банеры з выявамі Кастуся Каліноўскага, а таксама цытаты кіраўніка паўстання 1863 года.
Віктар Цыркуновіч, тату-майстар студыі «1863»:
«Была ідэя неяк папулярызаваць сярод насельніцтва Беразіна нацыянальную ідэю. Было захапленне ўвогуле татуіроўкай. Ну і прыйшло, што можна гэтыя дзве рэчы аб’яднаць у адну».
Паводле ўладальнікаў і працаўнікоў студыі, ідэя гэтага праекту лунала ўжо пару гадоў, аднак рэалізаваць яе ўдалося толькі цяпер.
Павел Вінаградаў, барбер:
«Гэта не толькі для Беразіна такая даволі сур’ёзная штука, гэта ў прынцыпе для Беларусі. Таму што, наколькі мне вядома, у Беларусі няма ніводнай тату-студыі, аформленай цалкам у нацыянальным стылі».
Віктар Цыркуновіч, тату-майстар студыі «1863»:
«Ёсць папулярнасць, аб гэтым сведчаць людзі, якія звяртаюцца да нас. Тое, што мы бачым аўтамабілі з нацыянальнай сімволікай: БЧБ-сцяжкі, налепкі. Шмат сярод вельмі маладых людзей – хлапчукі, дзяўчынкі, якія носяць адзенне з Пагоняй. І яны не саромеюцца гэтага, яны гэта выпінаюць».
Для яшчэ большай папулярызацыі сваёй ідэі студыя абяцае разыгрываць бясплатныя тату з беларускім арнаментам на сваёй старонцы ў «Інстаграме». Першы пераможца разыгранкі з’явіўся ўжо на другі дзень працы студыі.
Вадзім Паповіч, кліент тату-студыі «1863»:
«Мне падабаецца Беларусь, мне падабаюцца арнаменты беларускія, ну, і я даўно хацеў хоць бы адзін арнамент беларускі зрабіць…»
Як жа да нацыянальна арыентаванай тату-студыі ставяцца жыхары Беразіна?
«Для нашага гарадка гэта нешта такое новенькае. Па-мойму, раней у нас такога не было».
«Мне здаецца, што ў нас у Беларусі ўвогуле не хапае цікаўнасці да сваёй культуры».
«Увогуле б сабе татуіроўку не набіваў бы ніводную. У мяне іх няма, і не наб’ю, бо гэта нейкая метка».
«Людзі любяць татуіроўкі. І нашто ім кудысьці ехаць? Можна зрабіць тут, на месцы».
Віктар Цыркуновіч кажа, што работнікі студыі атрымлівалі станоўчыя водгукі на сваю працу і ад людзей, якія не цікавяцца татуіроўкай, але падтрымліваюць беларускую нацыянальную ідэю.
«У бізнесу з нацыянальным каларытам павінны ўрэшце рэшт з’яўляцца грошы. Ну і зараз мы бачым, што гэта пакрысе адбываецца. Калі ты хочаш апрануцца, ты ідзеш у «Гонар» адзенне. Калі табе трэба сувенірка ці нейкія падарункі ці нешта кшталту таго – гэта «symbal.by», – кажа барбер Павел Вінаградаў.
А калі ёсць жаданне зрабіць нацыянальнае тату, прыязджайце ў Беразіно.
Зміцер Міцкевіч belsat.eu