Талака для сляпога паэта


Быць відушчымі да чужое нястачы. Неабыякавыя людзі сабралі сродкі і рэчы для сляпога паэта Алеся Чобата. Збор распачаўся з ініцыятывы журналіста «Белсату» Змітра Ягорава. А напярэдадні падарункі перадалі адрасату. Як не застацца ў баку да чужое бяды – у нашым рэпартажы.

Посуд, адзенне, абутак, коўдры ды ежу – рэчы першай неабходнасці – сабралі валанцёры і напярэдадні прывезлі ў Скідзель, каб перадаць невідушчаму паэту Алесю Чобату.

«Цяпер я сляпы чалавек і «жыву ў цемры», як пісаў мой прыяцель Чэслаў Мілаш, якога я перакладаю. І я прашу: адно не мне аднаму дапамагайце, дзяліцеся», – кажа Алесь Чобат.

Спадар Алесь жыве ў самоце і не можа разлічваць нават на суседзяў, бо як страціў зрок, менавіта мясцовыя вынеслі з ягонай хаты ўсё, што можна было вынесці.

Дзякуючы ініцыятыве журналіста «Белсату» Змітра Ягорава, талакою атрымалася сабраць грошы ды набыць некаторыя рэчы.

«Людзі мілыя, мне цяжка гаварыць больш, таму я перастаю. Прабачце мяне і дзякую», – кажа ўражаны паэт.

Не зважаючы на тое, што пасля аперацыі ў 2013-ым годзе паэт канчаткова страціў зрок, ён не перастае пісаць. Ягоныя творы пад дыктоўку запісвае паэтка Данута Бічэль, ледзь не адзіны чалавек, які наведвае спадара Чобата і часам ладзіць з ім творчыя сустрэчы. Сам творца жыве і працуе ў стогадовай хаце, у варунках, якія складана назваць годнымі.

«Хата старая. Усё валіцца трэба нешта рабіць, хутчэй, пільнае. Тое што ў аварыйным стане знаходзіцца: можа ганак, дах у нейкіх месцах, штосьці ўнутры – лёгкая адзелка», – адзначае валанцёр Юрый Седзянеўскі.

Увесну гарадзенскія актывісты збіраюцца зарганізаваць яшчэ адну талаку, каб супольнымі сіламі адрамантаваць хату паэта. Да дапамогі Алесю Чобату можа далучыцца кожны ахвочы.

Наста Ільіна, belsat.eu