Прадстаўнікі чатырох дзясяткаў медыяў, палітолагі, эканамісты, нават чальцы палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў. Прэс-служба кіраўніка краіны абяцае сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у новым фармаце.
Але яшчэ ў часе апошняй вялікай размовы з расейскімі медыямі, якая адбылася менш за два месяцы таму, у лістападзе, усе заўважылі, кіраўнік Беларусі кажа ўсё тое, што мы неаднаразова чулі раней.
«Прабачце, але я сыходжу, усё што мог, я ўжо зрабіў, гэта лепшае, што ён мог бы зрабіць для краіны. Але я не бачу прыкметаў, што Лукашэнка асэнсаваў, што ён стаў замінаць развіццю краіны і таму ён будзе апраўдвацца», – упэўненая журналістка Святлана Калінкіна.
Пачаткова «вялікую размову» планавалі правесці 10 лютага, але перанеслі на гэтую пятніцу. Акурат на наступным тыдні кіраўнік краіны сустракаецца з Уладзімірам Пуціным. Найхутчэй, праблемы ў двухбаковых дачыненнях з Расеяй стануць лейтматывам прэс-канферэнцыі.
«Кепска з эканомікаю, кепска з Расеяй, адное з другім звязанае, яны даюць нафту, газ, крэдыты, плюс, я думаю, Лукашэнка паспрабуе яшчэ мацней звязаць і паказаць, у нас кепска менавіта таму, што Расея паводзіць сябе не па-братняму», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Выпадкаў, калі медыі атрымліваюць магчымасць задаць сапраўды вострыя пытанні, за апошнія гады можна пералічыць на пальцах адной рукі.
З таго часу нязручных тэмаў толькі паболела, гэта не толькі крызіс у дачыненнях з Расеяй. Але і пытанні падатку для дармаедаў, адсутнасць працы і славутай беларускай стабільнасці.
«Хачу нагадаць яшчэ і пра тое, што ў Лукашэнкі словы і справы заўсёды разыходзяцца. Таму нават калі нешта такое рэвалюцыйнае прагучыць, гэта зусім не будзе азначаць, што сапраўды так яно і будзе», – цвердзіць спадарыня Калінкіна.
На размову з Лукашэнкам можа пайсці толькі запрошаны журналіст і ніхто іншы ад рэдакцыі. Адметна, што сярод тых журналістаў недзяржаўных медыяў, якія некалі сустракаліся з кіраўніком краіны, так бы мовіць у вузкім коле, не запрасілі нікога.
Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»