«Суседу трэба дапамагаць»: Беларусь у другі раз атрымала ад Польшчы гуманітарны груз


Фура гуманітарнай дапамогі – на кожную тысячу афіцыйна заражаных каронавірусам. Змагацца з пандэміяй у Беларусі працягваюць нашыя заходнія суседзі. З Польшчы да нас прыйшоў ужо другі – рэкордна вялікі – гуманітарны канвой.

47 цяжкавікоў медычнага абсталявання на змаганне з каронавірусам. Найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі з Польшчы прыбыла ў Беларусь.

«Мяркую, гэта сталая тэндэнцыя – дапамога, адрасаваная суседу, які мае ў ёй патрэбу. Гэта рэчы, якія тут, безумоўна, спатрэбяцца ў кожнай сітуацыі, калі ідзе барацьба з гэтаю жахліваю небяспекай», – сказаў генеральны консул Польшчы ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк.

«Суседу трэба дапамагаць у складанай сітуацыі. Для нас гэта натуральна. Можна шмат гаварыць пра суседства, салідарнасць, пра сяброўства, але лепш гэта паказваць на практыцы», – падкрэсліў намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.

Гэта ўжо другая дапамога Беларусі ад Польшчы ў часе пандэміі. Папярэдні гуманітарны рэйс з Варшавы выехаў у Горадню і Менск 24 красавіка. Гэтым разам маршрут падобны.

«У грузе ёсць 5 апаратаў ШВЛ, якія таксама размяркоўваюцца на нашыя ўстановы аховы здароўя, ёсць рэспіратары, маскі, халаты і камбінезоны – асноўнае, што трэба для таго, каб абараніць нашых дактароў і медычных сясцёр», – паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандр Гаўрылік.

«Гэта гістарычная партыя дапамогі, бо мы аб’ядналі сілы трох службаў – пажарнай, памежнай і паліцыі. Тут, як вы бачыце, толькі пажарная служба і памежная, паліцыя паехала ў Менск», – распавёў капітан Дзяржаўнай пажарнай службы Польшчы Якуб Січэк.

У спісе месцаў разгрузкі акрамя Горадні ды Менску яшчэ чатыры гарады – гэта Шчучын, Ліда, Смаргонь і Ваўкавыск. Размеркаваная ж дапамога будзе па медычных установах усёй краіны.

«Я хачу выказаць словы шчырай падзякі польскаму ўраду і народу за чарговы сяброўскі добрасуседскі крок – ужо другі канвой гуманітарны, які дапамагае нашай краіне на ўмовах добрасуседства, пазітыву і сяброўства», – сказаў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, каронавірусам у Беларусі інфікаваныя амаль 47 тысячаў чалавек. Ад наступстваў заражэння памерлі 259 пацыентаў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: Tymon Markowski (MSZ)