Супраць Ціханоўскага рыхтуюць крымінальную справу


Горадня сёння. Пікет для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам Святланы Ціханоўскай зноў сабраў чаргу людзей нават без народнага лідара і кіраўніка штабу – Сяргея Ціханоўскага.

Жыхары Горадні:

– Пытанне да вас: чаму вы сёння тут?

– Учорашняя правакацыя дапамагла падняцца з канапы нарэшце. Проста было смешна глядзець, як гэта было непрафесійна арганізавана. Няўжо лічаць, што мы настолькі дурныя?

«Трэба выпраўляць памылку, якую зрабілі шмат гадоў таму».

«Ужо крыху надакучыў за 26 гадоў адзін прэзідэнт, хочацца чагосьці новенькага, ды і абрыдла ўжо, што адны і тыя ж метады».

Сяргея Ціханоўскага ды з дзясятак ягоных паплечнікаў затрымалі ўчора ў Горадні. Падчас збору подпісаў следам за ім з правакацыйнымі пытаннямі хадзіла жанчына, затым – без папярэджанняў і падставаў Ціханоўскага пад рукі падхапіла міліцыя. Прысутныя на пікеце абурыліся затрыманнем.

Ужо праз гадзіну пасля затрымання гэтае відэа паказалі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1». Імя Ціханоўскага не называюць і тлумачаць падзеі наступным чынам:

«На элементарныя пытанні выбарнікаў адказваць збіральнік не хацеў, у выніку такая манера кантактавання з людзьмі перарасла ў штурханіну. Міліцыя, што спрабавала навесці парадак, апынулася ў эпіцэнтры бойкі, якую зладзілі на плошчы. Адзін з працаўнікоў міліцыі падвергся нападу»

А за чатыры гадзіны да арышту – абставіны будучага затрымання Сяргея Ціханоўскага апісаў Аляксандр Лукашэнка.

«На гэтага пацанёнка [супрацоўніка міліцыі] наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі – я б на іхным месцы з міліцыяй акуратнейшы быў», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Жанчына, нібыта заступіцца за якую прыйшла міліцыя, найхутчэй – 39-гадовая Алена Кузьміна з Менску.

Асобу падобнай камплекцыі, рысаў твару ды ў ідэнтычным адзенні карыстальнікі інтэрнэту знайшлі ў сацыяльных сетках. Да таго ж, імаверная ўдзельніца чату «Распусная Беларусь» на пікеце не знайшла агульнай мовы не толькі з Ціханоўскім:

– Вам асабіста колькі заплацілі?

– На, дупу маю. Паказаць?

Святлана Ціханоўская выступіла з афіцыйнай заявай.

«Пікет меў законны і мірны характар. У сувязі з гэтым, я патрабую неадкладна вызваліць кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы, або я буду разглядаць гэта як парушэнне маіх канстытуцыйных правоў», – заявіла вылучэнка на кандыдата ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

Цяпер на ейнага мужа завялі крымінальную справу за напад на міліцыянта. Ён застаецца ў ізалятары часовага ўтрымання Горадні.

«Відавочна, што ў Лукашэнкі здаюць нервы, ён нават не стаў чакаць этапу завяршэння збору подпісаў – аддаў загад «фас». Гэта справакавана з самага верху. Бо трэба пазбаўляцца ад апанентаў, якія маюць падтрыманне», – кажа вылучэнец на кандыдата ў прэзідэнты Юрый Губарэвіч.

У падтрымку Ціханоўскага выказаліся і некаторыя іншыя вылучэнцы – Андрэй Дзмітрыеў і Валерый Цапкала, Віктар Бабарыка.

«Учорашні дзень засведчыў, што шматлікія парушэнні, якія робяць ужо на гэтым этапе, паказваюць, што магчымасць сумленных выбараў пад пагрозай. Мы бачым правакацыі, мы бачым пагрозы, мы бачым шматлікае злоўжыванне службовым становішчам», – паведаміў вылучэнец на кандыдата ў прэзідэнты Віктар Бабарыка.

«Лічым, што Беларусь мусіць быць месцам, дзе будуць жыць людзі з рознымі поглядамі, з рознай грамадзянскай пазіцыяй. І мне здаецца, што гэта нармальна», – кажа вылучэнец на кандыдата ў прэзідэнты Валерый Цапкала.

Да таго ж сужэнства Цапкалаў аддалі свае подпісы за Святлану Ціханоўскую – у пасёлку Акцябрскім.

Подпісы за за Святлану Ціханоўскую збіралі таксама ў Лідзе ды Менску. У сталіцы апроч Ціханоўскай грамадзяне актыўна падпісваліся таксама за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота вокладкі: hrodna.life