Супраць дзяржаўнай прапаганды. У Акцябрскім пачалі выдаваць незалежную газету

У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці жыве больш за 13 тысячаў чалавек, а вось газета на ўвесь раён да нядаўняга была толькі адна – дзяржаўная, накладам 2900 асобнікаў. Паўгода таму ў Акцябрскім пачала выпускацца незалежная газета «Рудабельская паказуха».

Выдавец газеты Андрэй Павук кажа:

«Ты паказваеш чыноўнікам, што ты ад іх не залежыш. У нас есць пэўная інфармацыйная павестка, і мы распаўсюджваем яе, гэтую думку сваю, людзям. І людзі яе бяруць з задавальненнем. У людзей да нас давер большы, чым да мясцовай улады».

У Беларусі друкаваных недзяржаўных медыяў не так шмат, але ва ўмовах інфармацыйнага голаду ў маленькіх населеных пунктах, дзе інтэрнэтам карыстаюцца неактыўна альбо яго ўвогуле няма, менавіта газеты застаюцца адзінай крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі. Адзінаццаць гадоў таму выдаўцы рэгіянальнае прэсы стварылі асацыяцыю «Аб’яднаныя Масмедыя», якая існуе і да сёння. У асацыяцыю ўваходзяць 12 газетаў. Агульны наклад – больш за 100 тысяч асобнікаў. Наклад «Рудабельскай паказухі» 299 асобнікаў, але ў планах выдаўцоў развіваць друкаваны СМІ і надалей. Адмыслоўцы ж сцвярджаюць, што ва ўмовах, якія сфармаваныя ў Беларусі для недзяржаўных медыяў, развівацца такім газетам, як «Рудабельская паказуха», вельмі складана.

«У нас дзяржаўных газетаў, папяровых недзяржаўных газетаў, вельмі мала.4.42-54 Гэта выдаткі, якія патрэбны на рэдакцыю, на юрыдычную асобу, якая павінна стварыць рэдакцыю, гэта бухгалтэрыя, справаздачнасць перад дзяржавай, гэта неабходнасць цэлы штат утрымліваць супрацоўнікаў», – тлумачыць юрыст БАЖ Алег Агееў.

Нягледзячы на маленькі наклад і цяжкасці з распаўсюдам «Рудабельскую паказуху» мясцовыя жыхары ведаюць і чытаюць:

«Я думаю, што патрэбная такая газета. Усе недахопы, якія ёсць, можа хутчэй будуць прыбіраць?»

«А чаму вы малую пішаце? У два разы пішыце большую! Гэта ж харошая газета, будуць людзі выпісваць».

«Раённую трэба выпісваць, усё роўна хочацца ведаць, што ў сваім раёне. Без гэтага не можна».

Інтарэс да сваёй газеты Андрэй Павук тлумачыць інфармацыйным голадам у аддаленых ад гарадоў населеных пунктах:

«Гэта зброя, якой карыстаецца нашая прапаганда. Калі ў чалавека няма светапогляду, калі ў яго галадуха інфармацыйная, то БТ, ОНТ і розныя іншыя дзяржаўныя СМІ, яны дураць галаву чалавеку».

За ўсім працэсам стварэння «Рудабелкі» сочыць Вольга Павук: яна займаецца зборам інфармацыі, напісаннем тэкстаў і вёрсткай.

«Стварэнне сваёй газеты лічу вельмі важным крокам і думаю, што людзі ў іншых раёнах – і нават у нашым, калі ім ёсць што сказаць, – павінны рабіць гэта. Вы павінны дзяліцца, вы таксама важныя», – кажа Вольга.

2 сакавіка была ўручаная прэмія найлепшым прадстаўнікам у сферы палітычнай і грамадскай дзейнасці Беларусі. Андрэй і Воля Павук перамаглі ў дзвюх намінацыях шляхам адкрытага галасавання.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама