Суд над кіраўніком будаўнічай кампаніі «Тамбаз»: 615 пацярпелых засталіся без жылля і грошай


З суда Завадскога раёну ў будынак суда Маскоўскага раёну Менску перанеслі працэс над былым кіраўніком будаўнічай кампаніі «Тамбаз». Льва Хаюціна абвінавачваюць у зрыве будаўніцтва жылога комплексу «Аркадыя» з крадзяжом грошай, паводле артыкулаў службовая халатнасць і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

У крымінальнай справе, якая датычыць махінацыяў былога кіраўніка «Тамбазу», 615 пацярпелых. Андрэй Равуцкі пералічыў «Тамбазу» грошы, эквівалентныя кошту 4-пакаёўкі ў цэнтры сталіцы некалькі гадоў таму. У выніку застаўся і без грошай, і без новай кватэры:

«Усё – дагэтуль чакаю. Усемярых тулімся ў двухпакаёвай кватэры з двума дзецьмі, з бабуляй і дзядулем. Цярпім з-за гэтага вялікія цяжкасці і маральныя, і фізічныя».

Паводле крымінальнай справы, цягам 5 гадоў «Тамбаз» прадаў людзям жыллёвых аблігацыяў на больш як 63 мільёны беларускіх рублёў. Але ўжо на той час кампанія мела запазычанасці перад банкамі і замест будаўніцтва кватэраў накіроўвала грошы на завяршэнне ранейшых будоўляў, а таксама на свае гаспадарчыя патрэбы. У выніку патэнцыйныя навасёлы засталіся ні з чым.

«Грошай няма, кватэры няма – перспектывы ніякай. На працэсе мы былі, абвінавачанняў шмат, але разумеем, што з гэтага не будзе нічога – грошай нам не вернуць», – абураецца пацярпелая Тамара Бяскостая.

«Не разумею, як у нашай Беларусі такое магло здарыцца, каб гэтулькі людзей падманулі на такія грошы! Людзі згалелі, засталіся ў пазыках! Я спадзяюся… не на суд, на цуд нейкі!» – кажа пацярпелая Вольга Грэк.

Пацярпелыя выходзілі на вуліцы з пікетамі, публікавалі адкрытыя відэазвароты кіраўніку краіны, але марна.

«Самае страшнае, што ў нашай краіне 90% людзей будуюцца праз жыллёвыя аблігацыі. Гэта азначае, што закранула нас, і можа закрануць іншых людзей у нашай краіне. Таму хочам прыцягнуць увагу грамадскасці да таго, што творыцца ў нашай краіне», – гаворыць пацярпелая Алена Цімафеева.

Колішняга кіраўніка «Тамбазу» Льва Хаюціна арыштавалі напрыканцы 2017 года, калі спынілася аплачанае будаўніцтва двух дамоў «Аркадыі», а «Тамбаз» распачаў працэдуру ліквідацыі. Маштабы і вынік падобнага гаспадарання не маглі застацца па-за ўвагаю дзяржаўных органаў, кажа актывіст Віктар Барташэвіч:

«Судзяць «стрэлачніка» – генеральнага дырэктара. Леў Хаюцін не змог бы «праварочваць» свае справы без згоды і подпісаў выканкаму. Тут трэба прыцягваць да адказнасці ўсіх тых, хто даваў дазволы».

Паводле распараджэння кіраўніка краіны, недабуды «Аркадыі» мае завершыць будаўнічае ўпраўленне Савецкага раёну Менску. Але пацярпелых удзельнікаў будовы папярэдзілі пра магчымую даплату памерам 30-50 адсоткаў ад ужо аплачанага кошту кватэраў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu