«Справа медыкаў». Хабар на ўсялякі выпадак


Хабар 2 тысячы долараў быў, але фактычнага карупцыйнага спрыяння з боку абвінавачанага на судзе даказана так і не было. Заўтра заслужаны лекар Беларусі Сяргей Карыцька, імаверна, пачуе вырак. Але ўжо сёння вядома, што турма яго абміне.

Для 66-гадовага Сяргея Карыцькі сённяшняе патрабаванне пракурора 2 з паловаю гады абмежавання волі без накіравання ў месца адбывання пакарання фактычна азначае пенсія. Хоць не на такі сыход, відаць, спадзяваўся абвінавачаны: эпізоды справы датычаць замоваў трох апаратаў УЗІ. Карыцька кантактаваў з бізнесоўцам у справе тэндараў, але ў выніку ў конкурсе перамаглі іншыя фірмы. Нягледзячы на гэта, суд даказаў факт хабару Карыцьку памерам 2 тысячы долараў. Іх знайшлі ў хаце абвінавачанага.

Размова з Сяргеем Карыцькам, абвінавачаным па «справе медыкаў»:

– Вы задаволеныя патрабаваннем пракурора?

– Так.

– Чым будзеце займацца на пенсіі?

– А што Бог пашле.

Карыцька ў прафесіі больш за 50 гадоў. Ён не толькі заслужаны лекар, але і адзначаны Аляксандрам Лукашэнкам як эфектыўны кіраўнік – ён займаўся самымі складанымі праектамі для аптымізацыі ўстановаў аховы здароўя. Цяпер – на лаве падсудных.

«Калі ў турму і адпраўляць людзей – то зусім нікчэмных, якім нельга ў грамадстве быць. А гэтым… Ясна, што трэба змагацца. Але няхай яны лепш карысць прыносяць».

«Як паводле артыкулу – ад 5 да 10 гадоў. Няхай суддзя і выбірае – 5 ці 10».

«Была не жывая паўтара месяца. А яны мяне вылечылі, і цяпер я іду і гавару з вамі. Дык што мне сказаць? Заробак нікчэмны – гэта так», – кажуць жыхары Менску.

Сваіх выракаў чакаюць яшчэ двое буйных фігурантаў справы карупцыі ў медычнай сферы – былы намеснік міністра Ігар Ласіцкі і чыноўнік гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак. У кожнага з іх следства налічыла хабараў ад 30 да 40 тысячаў долараў. І спіс іхных абвінавачванняў нашмат даўжэйшы, а грамадскі даробак – куды меншы.

Сяргей Карыцька мае дзясяткі ўзнагародаў і медалёў не толькі ў медычнай сферы. У ягоным даробку 8 паэтычных зборнікаў, у тым ліку тэксты да 20 песень на беларускай мове. А таму ўжо здагадваемся, чым лекар будзе займацца падчас адбывання ўмоўнага пакарання.

Алесь Залеўскі, belsat.eu