Спартакіяда ў Магілёве: паралімпійскія віды спорту, пра якія вы не ведалі


Міжнародная спартакіяда «Залаты леў» у Магілёве сёлета сабрала каля 80 спартоўцаў-вазочнікаў з Беларусі, Украіны і Расеі.

Усё пачыналася як фестываль спорту для людзей з інваліднасцю ў 2003 годзе. Праз 5 гадоў арганізатары змянілі фармат на сапраўдныя спартовыя спаборніцтвы. Галоўны суддзя Алег Юркоў распавядае:

«Сёлета мы звузілі катэгорыі інвалідаў. Вазочнікі і пашкоджанні апорна-рухальнага апарату. Гэта людзі з захаваным інтэлектам, людзі адэкватных паводзінаў і людзі, якія матываваныя да спорту».

Такіх на сёлетнім «Залатым ільве» сабраліся амаль 80 чалавек з Беларусі, Украіны і Расеі. Удзельнікі спрабавалі сябе як у вядомых відах спорту, як армрэслінг або дартс, так і ў незвычайных.

Дарына Сафарава з каманды расейскага гораду Сафонава распавядае, што такое гульня новус:

«Новус – гэта настольны більярд, марскім більярдам лічыцца. То бок там не шары, якія коцяцца, а такія шашкі, якія коўзаюцца па стале. Гэтак сама кіем б’еш. Сутнасць падобная да більярду, таксама забіваеш у лузу іх».

Асобную ўвагу арганізатары надаюць гульні бочча.

«Мне падабаецца, што цяпер пачулі ў Міністэрстве спорту, што ёсць такі паралімпійскі від спорту бочча, які я прывёз 15 гадоў таму. Яго ўключылі ў праграму, і цяпер бочча развіваецца ўва ўсіх рэгіёнах» – распавёў Алег Юркоў.

Правілы боччы простыя – гэта гульня, дзе перамагае той, чый мячык апынецца бліжэй за ўсіх да белага шара. Трэнер боччы са Смаленску Яўгеній Білік кажа, што гэты від спорту вельмі перспектыўны, у тым ліку з камерцыйнага гледзішча:

«Магчыма трапіць у зборную краіны і карміць сваю сямʼю, хаця ў цябе ні рукі, ні ногі не захаваныя. Але інтэлект захаваны. Парадокс – ён нічога не можа, а ён можа! Яшчэ як можа!»

Апроч спартовых функцыяў, спаборніцтвы кшталту «Залатога ільва» маюць важную мэту: яны дазваляюць людзям з інваліднасцю пачуцца патрэбнымі і не замыкацца ў сабе. Так лічыць і ўдзельнік спаборніцтваў з Чавусаў Алег Сакалоў:

«Асноўная мэта – каб людзі не сядзелі ўдома. Трэнаваліся, нечым займаліся. Цяпер ёсць паралімпійскія гульні, на паралімпійца выходзіць можна. Каб людзі папросту не сядзелі ўдома і не думалі, што яны нейкія абузы».

А яшчэ гэта падстава, каб нагадаць грамадскасці пра іхныя праблемы. І зрабіць наваколле больш зручным для ўсіх людзей.

«Любое мерапрыемства, у якім удзельнічаюць інваліды-вазочнікі, – яно спрыяе таму, што потым пра гэта гавораць, прыбіраюць непаладкі, недапрацоўкі. Калі мы прыехалі ў гасцініцу, вельмі шмат дробных недахопаў, пра якія яны нават не думалі. Калі мы прыйшлі і пачалі пра гэта казаць, яны што маглі хутка прыбралі», – дзеліцца ўражаннямі Канстанцін Багданаў з расейскага клубу інвалідаў-вазочнікаў «Сергій».

Чаму гэта важна? Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне больш за паўмільёна людзей з інваліднасцю. То бок кожны шаснаццаты.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu