Спальваць смецце будуць пад самым Менскам


Сёлета мае распачацца будаўніцтва першага ў Беларусі заводу па спальванню смецця. Яго плануюць размясціць каля Менску – побач з жылымі дамамі Заводскага раёну сталіцы. Мясцовыя жыхары баяцца новага суседства, а эколагі заяўляюць пра стварэнне новай кропкі экалагічнай напружанасці.

Вось у гэтым месцы мае быць пабудаваны завод для спальвання смецця. Побач размесцяцца новыя гарадскія могілкі Лясное. Абодва аб’екты суседнічаюць з межамі Менску.

Ад месца будучага заводу да былога вайсковага гарадка, а цяпер вуліцы Паўлоўскага, што ў Заводскім раёне Менску, – каля кіламетра. Але мясцовыя жыхары не ведаюць пра новае суседства:

«Нічога не ведаем – першы раз чуем».

«Паколькі ў нас тут інстытут ядравай энергетыкі, то напэўна таксама нейкія выкіды ідуць. Напэўна будзе не вельмі, я так думаю».

«Прабачце, у цэнтры Менску жыць – больш выхлапных газаў, чым ад гэтага заводу».

«Калі папраўдзе, то не ведаю, але год таму разглядалася гэтае пытанне, і жыхары нашага пасёлку вельмі супраць. Бо пасёлак невялікі, шмат дзяцей – мы з гораду прыехалі сюды, каб падыхаць свежым паветрам. А гэты маленькі ці вялікі заводзік, які хочуць збудаваць, нам, вядома, не вельмі падабаецца».

На старонцы адміністрацыі Заводскага раёну Менску паведамляецца, што новыя гарадскія могілкі і завод для спальвання смецця мяжуюць з гарадскімі кварталамі. Маўляў, грамадскае абмеркаванне праекту адбылося яшчэ летась, а правёў яго сам тагачасны кіраўнік Заводскага раёну Аляксандр Дараховіч, які нядаўна стаў намеснікам старшыні Менгарвыканкаму. Але грамадскіх актывістаў, як і мясцовых жыхароў, такая інфармацыя абмінула.

«Пайшоў працэс – гэта, на мой погляд, станоўчы вынік. Іншая рэч – які там завод для спальвання смецця будзе. Бо інфармацыя ў СМІ досыць кароткая. З таго, што я ведаю, гэта завод для спальвання на базе Трасцянецкага палігону», – кажа Артур Фінкевіч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «За чыстую Чыжоўку».

Тым часам, Менгарвыканкам завяршае працу над праектам і рыхтуецца да выбару інвестара ды будаўніцтва заводу.

«У чацвер адбылася горадабудаўнічая рада пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара гораду Менску, дакументы накіраваныя на ўзгадненне. Калі ўчасткі будуць зацверджаныя вясной, то ўсё адбудзецца ў гэтым годзе», – кажа намеснік начальніка Управы энэргетыкі Менгарвыканкаму Дзмітрый Плашкоў.

У сваю чаргу адмыслоўцы заяўляюць, што спальванне смецця – экалагічна небяспечная тэхналогія, таму развітыя краіны свету ад падобных заводаў адмаўляюцца.

«Гэта дыяксіны, якія ёсць вельмі моцным канцэрагенам, гэта цяжкія металы і шэраг іншых небяспечных рэчываў, якія будуць трапляць з нашых сметніц. Несартаваныя камунальныя адкіды будуць прэсавацца ў брыкеты, і туды будзе патрапляць усё, што ёсць у нашых смеццевых баках. А гэта могуць быць і батарэйкі, і пластык, і побытавая хімія, сінтэтычнае адзенне, дзіцячыя цацкі», – заяўляе Анастасія Дарафеева, старшыня беларускай партыі «Зялёныя».

Эколагі таксама заяўляюць, што спальванне смецця – гэта адступленне ад больш прагрэсіўнай тэхналогіі сартавання, якая не атрымала ў нашай краіне развіцця.

Менскі завод для спальвання смецця будзе першым у Беларусі. Але аналагічныя прадпрыемствы запланаваныя на Гарадзеншчыне, Гомельшчыне і ў іншых рэгіёнах краіны.

Галіна Абакунчык, belsat.eu