Летняя спёка вабіць да вады. Але гарачыя дзянькі надышлі не толькі для тых, хто адпачывае, але і для тых, хто сочыць, каб ваш адпачынак прайшоў без здарэнняў.
«Мы патрулюем, і калі нешта, не дай Бог, сустракаецца, то выезд кацера па трывозе. А так мы кожныя дзве гадзіны патрулюем вадаём», – распавядае вадалаз-ратавальнік Яўген Сташкевіч, які працуе на станцыі ў Магілёве.
Паводле аператыўных звестак Таварыства ратавання на водах, у Беларусі за 5 месяцаў сёлета патанулі 90 чалавек, сярод іх 10 непаўналетніх. Кожны дзясяты патануў пры купанні ў вадаёмах.
Пры гэтым у стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення быў кожны трэці загінулы.
«Сядзяць, выпіваюць, лішняе нешта выпілі і вось перад сябрамі: «А я столькі пераплываў, а я столькі пераплываў». І пачынаецца там: «Давай, напераганкі», – працягвае распавядаць Яўген Сташкевіч.
Агулам у Беларусі з пачатку года Таварыства ратавання на водах уратавала каля паўсотні чалавек і папярэдзіла пра небяспеку каля 5,5 тысячаў. Статыстыка кажа, што 99 адсоткаў няшчасных выпадкаў здараюцца на дзікіх пляжах. Амаль кожны з апытаных намі магілёўцаў быў іх сведкам або пацярпеў:
«Я наагул далёка не плаваю, каля берага, як котка».
«Мора пачало зацягваць углыб. Але мяне ўратавалі, ратавальнік».
«Сябра сямʼі ўбачыў, што я заплыў далёка, таксама выцягнуў. Пасля таго я стараюся далёка не заплываць нікуды».
«Выйшаў хлопчык, здаецца, у нейкім стане нядобрым. Ён, здаецца, плаваў, але было відаць, што ён ледзь стаіць на нагах».
Калі страшнае ўсё ж здарылася – вы разумееце, што пачынаеце тануць, згадайце параду, якую дае вадалаз-ратавальнік Яўген Сташкевіч:
«Галоўнае, каб не было панікі, і, калі ўжо сустракаецца такое, проста пакладзіцеся на спіну і падтрымлівайце баланс на вадзе. Калі чалавек ляжыць на вадзе, ён адпачывае. Хвілінку паляжаў, і ён у далейшым ужо можа плыць спакойна».
Другая пасля людзей у нецвярозым стане група рызыкі на вадаёмах – гэта дзеці. Яны мусяць плаваць у адмыслова адведзеных месцах, каб дно мела паступовы ўхіл, было без ямінаў і расліннасці, на невялікай глыбіні. І толькі пад наглядам дарослых. Вось што кажуць аматары пляжнага адпачынку ў Магілёве:
«Так, я ўмею плаваць вельмі добра, ну і не баюся».
«Не добра ўмею, але спрабую».
«Бацькі на працы, яны проста не ведаюць, што дзеці сюды прыходзяць купацца. Таму трэба пытацца ў дзіцяці: куды ты ідзеш».
«Не пакідаць дзяцей без дагляду і нарукаўнікі, якія б ні былі, гэта не сродак ратавання, а так – меры невялікай бяспекі».
Каб ваш летні адпачынак на вадзе прайшоў спакойна, абірайце толькі адмыслова прыстасаваныя месцы. Бо ў зонах дзеяння ратавальных пастоў колькасць ахвяраў блізкая да нуля.
Вольга Васільева, belsat.eu