Стабільнасць або стагнацыя? Што будзе з коштамі, беларускім рублём і працай сёлета? Эканамічныя выклікі года 2019-га растлумачыць Аляксандр Папко.
Нафтаперапрацоўчыя заводы ўжо перайшлі ў новую рэчаіснасць і купляюць расейскую нафту з улікам гэтак званага падатковага манеўру Крамля. Да канца года чорнае золата падаражэе на 20 долараў за тону.
Сярэдні кошт нафты «URALS» (1 Т):
Для Беларусі (2018) – $ 388
Для Беларусі (2019) – $ 408
Сусветны кошт – $ 496
Ува ўрадзе рыхтуюцца толькі сёлета з-за гэтага страціць каля чатырохсот мільёнаў долараў. Але чые гаманцы схуднеюць? Тлумачыць Яраслаў Раманчук, эканаміст, цэнтр Мізэса:
«Адна справа, што іх не далічацца прамысловыя прадпрыемствы, якія і так выкарыстоўваюць іх вельмі марна. А іншая – калі іх не далічацца бюджэтнікі: выкладчыкі, дактары, усе тыя людзі, якія спадзяюцца на павелічэнне даходаў у 2019 годзе».
Даражэйшая нафта – значыць, даражэйшы бензін. Пад канец 2018 года старшыня «Белнафтахім» абяцаў, што кошты на паліва на пачатку снежня знізяцца. Сёння канцэрн перадумаў. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік:
«Паколькі кошт нафты не стабільны, то можна чакаць, што кошты бензіну будуць скакаць туды-сюды на капейку. Гэта паспрыяе таму, каб хаваць ад насельніцтва, як у выніку ў доўгатэрміновай перспектыве ён, хутчэй за ўсё, будзе даражэць».
Улады не паддаюцца спакусе друкаваць грошы, таму значнага росту коштаў або падзення курсу беларускага рубля эксперты не прадказваюць. Аднак не прадказваюць і паляпшэння стану дзяржпрадпрыемстваў. У прамысловасці, дзе пануюць дзяржаўныя заводы, стратны кожны пяты з іх.
«Беларускія ўлады ўжо спрабуюць прыватызаваць некаторыя прадпрыемствы. Перамовы аб некаторых з іх ужо вядуцца, як, напрыклад, аб адным з цэментных заводаў. Праблема, аднак, у тым, што інвестары ацэньваюць рызыкі ў нашай краіне вельмі высока», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч.
Страты прамысловых прадпрыемстваў за студзень – кастрычнік:
у 2017 годзе – $ 527 млн
у 2018 годзе – $ 1281 млн
Зацягванне прыватызацыі вядзе да павольнай смерці дзяржпрадпрыемстваў. Жыхары прамысловых гарадоў усур’ёз баяцца беспрацоўя:
«Беспрацоўе, яно і так расце, а гэты рост толькі павялічыцца. Прадпрыемствы ў нас угару не ідуць, а ўсе ідуць да паніжэння».
«Я працую на заводзе гуматэхнічных вырабаў. Канец гэтаму заводу. Яны працуюць дзён дзевяць на месяц».
«На сённяшні дзень – рукі ў ногі і ехаць туды, дзе можна нешта зарабіць. Калі нельга ў нас – то ехаць туды».
Такі выбар, паводле ацэнак экспертаў, зрабілі 400 тысяч беларусаў. Тры з чатырох беларускіх гастарбайтараў працуюць у Расеі, адзін – на Захадзе, пераважна – у Польшчы.
«Будзе інтэнсіфікаваная міграцыя ў Польшчу. Літву, іншыя краіны Еўразвязу. Як сёння мы бачым, там попыт на працоўную сілу павялічваецца», – мяркуе Яраслаў Раманчук.
Адна з галоўных надзеяў айчыннай эканомікі – сектар ІТ. У галіне працуюць больш за 100 тысяч чалавек, якія прыносяць больш за мільярд долараў. Даходы ІТ штогод павялічваюцца на чвэрць, але не выцягнуць жа яны ўсю краіну. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны агладальнік:
«Ён усё яшчэ складае менш за два адсоткі ад беларускай эканомікі. І нават калі ён будзе працягваць развівацца ў геаметрычнай прагрэсіі, пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў, перш чым ён зможа заняць нейкае вырашальнае месца».
Эканамісты рэкамендуюць разнявольваць канкурэнцыю, прыватызаваць заводы і стаць вытворчым цэхам Еўропы, як некалі зрабілі Чэхія і Польшча. Пакуль жа Беларусь ператвараецца ў пастаўніка адносна таннай працоўнай сілы.
Аляксандр Папко, belsat.eu