Што бізнес робіць, каб выжыць у часы пандэміі


Раней гостэл – зараз камуналка. Ужо амаль месяц уладальнікі сталічнага гостэлу «Trinity» перарабілі часова пустыя праз пандэмію памяшканні ў колівінг – ці, інакш кажучы, камуналку для міленіялаў. Цяпер два паверхі гостэлу аддалі пад асабістыя пакоі. Нумар, дзе раней спалі 8 асобаў, перароблены ў спачывальню для максімум дваіх. Можна карыстацца агульнаю кухняй, таксама ў кошт уваходзіць прыборка. Усе гэтыя выгоды – у самым цэнтры Менску.

«Мы проста зможам выжыць, я думаю, так. Любы крызіс канчаецца, і гэты таксама. Ён працяглы і глыбокі, але мы ўсё роўна з яго выйдзем. І каб пражыць гэтыя цяжкія часы, мы прыдумалі такую рэч», – кажа дырэктарка гостэлу Ксенія Курусь.

Галоўная мэтавая аўдыторыя колівінгу – людзі творчых прафесіяў, якія хочуць жыць у цэнтры гораду і плаціць даступны кошт.

«Менчукі, якім трэба жыць у цэнтры, але хочуць жыць у нейкім цікавым, дызайнерскім рамонце, якія хочуць жыць з аднадумцамі і плаціць не вельмі дорага – нашая аўдыторыя», – тлумачыць Ксенія.

Не ўсе бізнесы кардынальна перамянялі сваю мадэль існавання. Напрыклад, школа замежных моваў цалкам перайшла ў онлайн-фармат – 70 адсоткаў студэнтаў здолелі перавесці, астатнія ж часова прыпынілі навучанне.

«Ініцыятыву на радасць мне сустрэлі ўсе пазітыўна. Усе, абсалютна ўсе, падтрымалі, бо таксама разумеюць неабходнасць такога рашэння», – распавядае дырэктарка «Цэнтру славянскіх моў» Ірына Зімнёва.

Надзвычайныя ўмовы дапамагаюць развіць новыя кірункі бізнесу.

«Мы падрыхтавалі вельмі добрую базу заданняў, выкладчыкаў, якія могуць працаваць у рэжыме онлайн, і мы будзем больш развіваць гэты кірунак. Ён у нас ужо быў, але не такі маштабны, як зараз», – дзеліцца планамі на будучыню яна.

Крызіс – гэта час паказваць сваю гнуткасць не толькі бізнесам, але і рынкам працы, мяркуе адмыслоўца.

«Сусветная арганізацыя працы кажа, што ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася, будуць вызваляцца працаўнікі. Адпаведна, важна разумець, куды гэтыя працаўнікі могуць быць накіраваная. Тут бачыцца праца па перапрафіляванні, бо ў шмат сферах працы бракуе людзей», – тлумачыць прадстаўніца бізнес саюзу ім. Куняўскага Жанна Тарасевіч.

Як выйсце адмыслоўца прапаноўвае наладжаныя курсы тэрміновай перападрыхтоўкі на прафесіі, найбольш запатрабаваныя цяпер на рынку.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»