Што адбывалася ў Беларусі падчас жнівеньскага путчу 1991 года (УНІКАЛЬНАЕ ВІДЭА)


Хацелі ўратаваць савецкую імперыю, а ў выніку паскорылі яе дэмантаж. 27 гадоў таму рэакцыйныя камуністычныя сілы стварылі Дзяржаўны камітэт надзвычайнага становішча, па-расейску ГКЧП.

Пакуль у Маскве з путчыстамі змагаўся прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын, Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі выступіў з заявай аб поўным падтрыманні ГКЧП.

Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1996): «Мы пайшлі да Дземянцея і патрабавалі ад яго выказаць поўнае падтрыманне Гарбачову, падтрыманне Канстытуцыі. Дземянцей адмовіўся. Кебіч, як чалец ЦК Бюро, падтрымаў, але рэальна ён залёг на дно, ён адмаўчаўся».

Адзіным асяродкам супраціву дзяржаўнаму перавароту ў нашай краіне быў Беларускі народны фронт. У той час калі дэпутаты ў парламенце дамагаліся склікання нечарговай сесіі, на менскай плошчы Леніна, цяпер Незалежнасці, сабралася акцыя пратэсту. Тагачасны кіраўнік Дружыны БНФ Вячаслаў Сіўчык згадвае, што мітынгоўцы цягам тыдня дзень і ноч стаялі на Плошчы.

Вячаслаў Сіўчык, кіраўнік Дружыны БНФ (1990-1995): «На плошчы, знізу, была сфармаваная Нацыянальная гвардыя, куды добраахвотна за вельмі кароткі перыяд запісаліся 2000 мужчынаў. Яны былі разбітыя на сотні, і такім чынам Беларускі народны фронт нават атрымаў свае выканаўчыя структуры, якія шмат што маглі зрабіць у жніўні, калі б былі трохі іншыя дзеянні».

Сяржук Мацкойць, удзельнік пратэстаў у 1991 г.: «Такога жаху асабліва я і не бачыў. Усе чакалі пераменаў, усе чакалі зменаў да лепшага. І настрой, сапраўды, на плошчы быў узнёслы».

Але асцерагацца было чаго. Сучаснікі сведчаць: у Менску ўжо стаялі наспех закратаваныя вагоны, а ў Віцебску на вуліцах зʼявіліся часткі мясцовай дывізіі.

Путч выявіў: камуністы ў Беларусі ў сваёй масе варожа ставіліся да перабудовы і дэмакратызацыі. Мясцовыя партыйныя ячэйкі па ўсёй рэспубліцы выказвалі сваю прыхільнасць путчыстам.

Бадай, адзіным голасным выняткам на ўладным узроўні сталася пастанова прэзідыуму Гомельскага гарадскога савету аб непадпарАдкаванні ГКЧП з заклікам абвесціць незалежнасць.

Андрэй Толчын, чалец прэзідыуму Гомельскага гарсавету (1990-1994): «Гэтае рашэнне мы прынялі 20 жніўня, зранку 20 жніўня ў 1991 годзе, калі яшчэ ўва ўсю гарэлі жарсці вакол ГКЧП, калі ГКЧП, як кажуць, быў яшчэ ў Маскве ў сіле».

Падзенне ГКЧП робіцца шокам для камуністаў у Беларусі. 24 жніўня разгублены старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей склікае сесію. Пад ціскам дэпутатаў БНФ і рашучага натоўпу на плошчы парламент, абсалютную бальшыню якога складаюць камуністы, забараняе дзейнасць Камуністычнай партыі і камсамолу. Ствараецца парламенцкая камісія для расследавання падтрымання ГКЧП на чале з дэпутатам ад БНФ, палкоўнікам міліцыі Ігарам Пырхам.

Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1996): «Былі названыя тыя, хто ГКЧП падтрымаў. Фактычна, гэта ўся камуністычная верхавіна БССР, кіраўнікі вобласцяў. Але пакараны ніхто не быў. Чаму? Адказ на гэта просты: усе гэтыя людзі як былі, так і засталіся ва ўладзе. Проста нам удалося змясціць Дземянцея і правесці на ягонае месца Шушкевіча».

Між тым гарачы жнівеньскі тыдзень 1991-га прынёс нешта значна большае – незалежнасць. 25 жніўня ўсё той жа Вярхоўны Савет на вымогу БНФ надаў Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі канстытуцыйны статус.

Вячаслаў Сіўчык, кіраўнік Дружыны БНФ (1990-1995): «Гэта цудоўныя былі падзеі, таму што незалежнасць не была звязаная з масавымі забойствамі людзей, з войнамі, што цалкам магчыма было абсалютна. Тое, што цяпер адбываецца на Данбасе, – яскравы прыклад; тое, што адбывалася ў Югаславіі. Такі сцэнар быў абсалютна магчымы і ў Савецкім Саюзе».

Але найгоршае абмінула. 19 верасня 1991 года краіна атрымала новую назву – Рэспубліка Беларусь, былі зацверджаныя дзяржаўныя сімвалы: бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». А ўжо 8 снежня ў белавежскіх Віскулях кіраўнікі Беларусі, Расеі і Украіны падпісалі канчатковы вырак чырвонай імперыі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

(У матэрыяле выкарыстана відэа Сяргея Чырыка, са згоды аўтара.)