Шматдзетны адпачынак: як танна і выгодна падарожнічаць усёй сям'ёй?


На выбар месца для летняга адпачынку ўплывае цэлы шэраг фактараў – ад зацікаўленняў і мясцовых славутасцяў да візавага рэжыму і бюджэту. Калі ж у падарожжа выбіраецца шматдзетная сям’я, улічваць даводзіцца ўдвая больш. Чаму беларусы выбіраюць Чарнаморскае ўзбярэжжа? На прыкладзе адной сям’і распавядзе Адэля Дубавец.

Тацяна Гайлеш – лекарка з Асіповічаў і маці пяці дзяцей. Чацвёра – малодшыя школьнікі, наймалодшая Стэфанія толькі збіраецца ў дзіцячы садок. Сёлета яны трэці раз прыехалі ў Адэскую вобласць. У самім горадзе гэта другі адпачынак сям’і. Летась зачараваліся і цяпер вырашылі паўтарыць.

«Пакуль дзеці зусім малыя, то дастаткова мора і сонца. Яны яшчэ не разумеюць, у якім стагоддзі пабудаваныя будынкі. А нашыя дзеці ўжо школьнікі, яны ўжо самі глядзяць, шукаюць цікавыя моманты, барэльефы», – распавядае Тацяна Гайлеш.

Да Адэсы сям’я дабіраецца на аўце за два дні – з начоўкай у сваякоў. На месцы здымаюць жытло і пагружаюцца ў вір курортнага жыцця. Іншым шматдзетным сем’ям Тацяна таксама раіць паспрабаваць Украіну:

«Гэта будзе танней. А тыя грошы, якія захаваюцца, можна патраціць на рэчы, сувеніры, пайсці паспрабаваць розныя кухні. То бок зрабіць сваё жыццё і жыццё дзяцей больш насычаным ды разнастайным».

Тацяна іранізуе, што беларускія самалёты, мабыць, зробленыя з золата, бо ляцець з Менску ўсім складам – кошт для вялікай сям’і непадʼёмны. Застаюцца палёты з суседніх краінаў, гэтак Тацяна з дзецьмі лятала ў Егіпет. Чырвонае мора спадабалася ўсім, але тут, на Чорным, ёсць свойская атмасфера. Мінакі на вуліцы Дзерыбасаўскай дзеляцца меркаваннем:

«Гэта інтэрнацыянальны горад, тут можна сустрэць усё і ўсіх. Розныя культуры, паводзіны, вопратка. Ніхто тут не звяртае на цябе ўвагу, ты такі, які ёсць. Тут свабода».

«Я лічу, што адэсіты ўсе вельмі добразычлівыя, а міжсобку як браты і сёстры».

«Тут розныя людзі, што прыехалі адпачываць з розных куточкаў».

«Адэса, відаць, найбольш бяспечны ўкраінскі горад. Казачны горад. А з іншага боку – якія людзі! У нас ніхто нікому не адмаўляе ні ў чым – вы запытайце».

Летась у высокі сезон Адэская вобласць налічыла 6 мільёнаў турыстаў. Сёлета чакаецца, што гэтая лічба будзе яшчэ большаю.

Адэля Дубавец, belsat.eu