Шлях з перашкодамі: што адрознівала гэтыя выбары


Ужо праз два тыдні пасля абвешчання выбараў Беларусь падзялілі на акругі і стварылі выбарчыя ўчасткі. Далей – змаганне за ўдзельнікаў кампаніі: хто трапіць у склад выбарчых камісіяў, хто – у кандыдаты, і хто – у назіральнікі.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«І на этапе фармавання выбарчых камісіяў, і на этапе рэгістрацыі кандыдатаў і нават на этапе агітацыі вырубаюць, жорстка кажучы, найбольш актыўных і найбольш вострых праціўнікаў цяперашняй улады».

Перадусім фармаваліся выбарчыя камісіі… якія потым распараджаюцца бюлетэнямі і скрынямі для галасавання ды падлічваюць галасы.

Валянцін Стэфановіч, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Белая Русь», «БРСМ», «Саюз жанчын», «Саюз ветэранаў» і прафсаюзы складу «ФПБ» – 92,8% ад вылучаных увайшлі ў склад камісіяў. Рух «За Свабоду», «Гавары праўду», якія зарэгістраваныя і мелі магчымасць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі – нуль».

Як ніколі раней, без кампаніяў байкоту… Удзельнічалі сябры грамадскіх і палітычных арганізацыяў. Сваіх вылучэнцаў мелі змагары супраць шкодных вытворчасцяў у краіне. Да прыкладу ў Берасці, на кожную з 4-ох акругаў меўся прыпадаць 1 альтэрнатыўны кандыдат: дваіх да ўдзелу не дапусцілі і дваіх – знялі пасля рэгістрацыі кандыдатамі. Гэтаксама «вырубілі» шэраг апазіцыянераў, ды не далі абскардзіць рашэнні камісіяў:

Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»:

«Сёння калі я звярнуўся да акруговай камісіі на ўсходняй акрузе № 107, мне адмовілі – не далі зрабіць копіі, каб я мог супаставіць лічбы з тымі што ёсць у пратаколе камісіі з рэальнымі подпісамі».

Альтэрнатыўныя кандыдаты скардзіліся на палітычную апатыю беларусаў і цяжкасці пад час збірання подпісаў… Але камісіі паказалі рэкордную яўку на датэрміновым галасаванні – участкі наведала траціна выбарнікаў! Галасаваць зганялі працаўнікоў дзяржарганізацыяў ды студэнтаў. Агітуючы беларусаў, прагаласавала датэрмінова і старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына:

«Галоўнае – гэта не тое што кажуць назіральнікі і цвердзіць камісія. Галоўнае – скрыня для галасавання і тое, што ў ёй знаходзіцца».

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сцвярджаюць, што на асобных участках яўка завышаная ў разы, бачылі фальсіфікацыі (назіральнік з Берасця):

«Пакажыце, пакажыце, адкуль у вас столькі бюлетэняў у руцэ? Адкуль вы іх узялі? Вас будзе вельмі проста знайсці».

Выканаўца меркаванага ўкіду пакарання не панесла. Выбары пайшлі паводле старога плану.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ну і не забывай, 30-35 % цяперашняга складу мы проста настойліва вымушаныя раіць пазмагацца за тое каб трапіць у цяперашні склад парламенту».

Па-за гэтым складам, апынуліся дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім, якіх не зарэгістравалі кандыдаткамі.

Алена Анісім, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў:

«На даўжэй ніхто не збіраўся мне гэты мандат працягваць (смяецца)».

Шматлікія ўдзельнікі кампаніі ведалі, што ў Палату не трапяць, аднак выкарыстоўвалі кампанію, каб данесці да выбарнікаў «сваю праўду» пра сітуацыю ў краіне і выказаць свой пратэст.

Юлія Цяльпук belsat.eu