Сезон кляшчоў: да лекараў звярнуліся больш за 18 тысячаў чалавек


Самы сезон кляшчоў! Да лекараў ужо звярнуліся больш за 18 тысячаў чалавек. Больш за ўсё – у Менску і на захадзе Беларусі. Страшны не сам укус, а інфекцыя, якую можна атрымаць. Беларускія кляшчы пераносяць барэліёз і энцэфаліт.Нядбайнае лячэнне гэтых хваробаў можа прывесці да інваліднасці ды нават смерці.

Медык Уладзімір Пруднікаў распавядае:

«Да медыка трэба звярнуцца для таго, каб абавязкова было прызначана прафілактычнае лячэнне. Прыём антыбіётыкаў, даксіцыкліну, амаксіцыліну – для прафілактыкі барэліёзу, і прыём рэмантадыну – для прафілактыкі клешчавага энцэфаліту».

Амаль дзве траціны нападаў кляшчоў, паводле Міністэрства здароўя, адбыліся сёлета ў лесе, у сельскай мясцовасці ды на лецішчах. Як пазбегчы сутыкненняў з маленькім крывапіўцам на прыродзе, ведае Павел Сурмач з турыстычнага таварыства «Дзед-барадзед»:

«Трэба падабраць правільна адзенне, трэба старацца закрываць адкрытыя ўчасткі цела, то бок гэта павінна быць вопратка з доўгімі рукавамі, доўгія штаны. Некаторыя запраўляюць у шкарпэткі».

Або карыстаюцца рэпелентамі – адмысловымі рэчывамі для адпужвання жамяры. Іх можна набыць у выглядзе крэмаў, ласьёнаў, мазяў і аэразоляў. Але бывалы турыст Павел Сурмач кажа, што толькі на рэпеленты спадзявацца нельга:

«Прынцып у рэпелентаў адзін: адпужаць кляшча. Каб ён на вас не скокнуў. Самае галоўнае – не трэба хадзіць да лесу ў шортах і ў адкрытай адзежы».

Сёлета ў Горадні ад нападу кляшчоў пацярпелі больш за тысячу чалавек. Ці гатовыя мясцовыя да сустрэчы з небяспекаю?

«Яны нас не кусаць. Баяцца».

«Пасля таго, як схадзіў у лес, удома агледзеўся і ўсё».

«Я худы чалавек, і да мяне яны па просту не ляцяць, каб піць кроў маю».

Сезон кляшчоў распачаўся ў нашай краіне ранняю вясною, але пільнымі варта быць ажно да самой позняй восені. Пры наведванні лясоў выконвайце правілы бяспекі ды нават пры падазрэнні ўкусу тэрмінова звяртайцеся да лекараў.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu

Аб’ектыў
Кляшчы захапілі беларускія гарады
2019.06.12 22:13