Сапраўдны «бунт» у Палаце прадстаўнікоў: цэлых 6 дэпутатаў супраць новых правілаў прызыву


Законапраект пра больш жорсткія правілы прызыву ў войска набірае рэзанансу. Учора пад петыцыяй супраць законапраекту падпісалася 10 тысячаў чалавек. Аднак, для Палаты прадстаўнікоў подпісы грамадзянаў, сабраныя ў рэкордны тэрмін, – не аргумент.

Абурэнні ў інтэрнэце не падзейнічалі. Сёння Палата прадстаўнікоў прагаласавала ў першым чытанні за змены ў заканадаўства аб прызыве. Наперадзе яшчэ другое чытанне, потым разгляд у Савеце Рэспублікі і подпіс Лукашэнкі. Але, паколькі законапраект урадавы, яго разглядаюць у тэрміновым надзвычайным парадку. Часу да канчатковага зацвярджэння мала: хутчэй за ўсё, толькі 10 дзён. А гэта значыць, што восеньскі прызыў пройдзе ўжо паводле новых правілаў.

Супраць законапраекту прагаласавалі 6 дэпутатаў палаты. Сапраўдны бунт – жартуюць каментатары ў сеціве.

«6 чалавек – супраць, 7 – не галасавалі. Пры гэтым, я разумею, што гэтыя 7 чалавек, якія не галасавалі, яны ў душы супраць, яны проста баяцца націснуць кнопку», – кажа дэпутатка Ганна Канапацкая.

У грамадзянаў – бунт віртуальны: петыцыю, скіранавую супраць прыняцця законапраекту, учора падпісалі ажно 10 тысячаў чалавек. І вось як да гэтага паставіўся чалец Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў:

«Што такое 10 тысячаў чалавек ад агульнае колькасці насельніцтва? У мяне іншая інфармацыя. Я ведаю, што [у нас] больш за 40 % тых, хто хоча служыць у войску».

Ігар Мартынаў таксама дадаў, што закон не страшны: маўляў, паступіў ва ўніверсітэт пасля вучэльні, павучыўся два месяцы – вазьмі акадэмічны адпачынак, схадзі ў армію. Але ў апытаных намі студэнтаў – іншае меркаванне:

«Пасля ўніверу, калі я зараз пайду, я згублю практычна ўсе веды, якія я атрымаў. Мне армія нічога не дасць».

«Проста забіраюць з жыцця паўгода, год. За гэты час можна было б сябе неяк правесці».

«Я нават не ведаю, я палітычнымі пытаннямі не задаюся. Я проста вучуся ва ўніверсітэце, мяне ўсё задавольвае».

«Баяцца прыніжэнняў, баяцца здзекаў, якія могуць там узнікнуць».

У кастрычніку 2017-га прызыўніка Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным са звязанымі рукамі і майкаю на галаве на тэрыторыі часткі ў Печах. Тады ж выявіліся факты дзедаўшчыны і фактычнага рэкету з боку сяржантаў ды афіцэраў.

Годам пазней у Слоніме знайшлі павешаным Аляксандра Арлова – з двума слядамі ад вяроўкі на шыі. У абодвух выпадках родныя не прызналі афіцыйнага выраку пра суіцыд. Сёння Ганна Канапацкая запытала міністра абароны Андрэя Раўкова, як ён збіраецца выпраўляць сітуацыю з іміджам войска:

«Ніякай праграмы дзеянняў наконт выйсця войска з крызісу прадстаўлена не было. Такое пачуццё, што я жыву ў адной Беларусі, а Раўкоў жыве ў іншай. У яго ўсё добра. У яго армія займаецца сельскаю гаспадаркай».

Дэпутатка таксама звяртае ўвагу, што законапраект мае антыканстытуцыйны характар. У прыватнасці, такім выглядае дазвол даваць адтэрмінаванні студэнтам, якія едуць вучыцца за мяжу паводле дзяржаўнага накіравання, але не ў іншых выпадках. Апытаныя намі жыхары Менску кажуць:

«Я думаю, што трэба даць маладым людзям шанец, асабліва тым, хто вельмі хоча паступаць. А такім чынам проста перарываюць іхную мару».

«Нават цяпер няшмат маладых спецаў».

«Калі 18 споўнілася – калі ласка. Не сыходзьце ад войска! Я адслужыў».

«Раз мы можам праводзіць нейкія гульні, мерапрыемствы вялікія, значыць, мы можам у нейкай меры утрымоўваць невялікую кантрактную армію. Я за тое, каб людзі развіваліся кожны ў сваёй сферы».

Аднак, у адрозненне ад кантрактнага войска, служба ў прызыве ў працоўны стаж не ўваходзіць.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu