Самыя папулярныя абяцанняў самому сабе пад Новы год. Беларусы дзеляцца


Новы год – новы ты. Штораз 31 снежня кожны з нас дае сабе абяцанне стаць лепшым і больш паспяховым за наступныя 12 месяцаў. На календары 2 студзеня, а значыць, наступае час зазірнуць у спіс сёлетніх мэтаў і планаў.

Традыцыйна сярод самых папулярных навагодніх абяцанняў самому сабе: схуднець або прывесці сябе ў лепшую фізічную форму, правільна харчавацца, высыпацца, ашчаджаць грошы, знайсці каханне, больш часу праводзіць з роднымі і блізкімі. Пра гэта кажуць сацыёлагі ўва ўсім свеце.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

А што паабяцалі сабе ў 2020-ым беларусы?

«Хочацца больш зарабляць, каб на вяселле сабраць».

«Фізкультураю больш заняцца, можа, нешта змяніць у рэжыме працы, бо шмат часу праводжу на працы».

«Заўсёды такія планы ёсць: і кінуць піць, і не пачаць паліць».

«Хочацца і схуднець, і вывучыць мову новую».

«Больш часу праводзіць з сям’ёй, каб на працы было больш поспехаў», – кажуць жыхары Менску.

Калі для таго, каб праводзіць больш часу са сваякамі і блізкімі людзьмі, трэба перагледзець свой графік, то для схуднення нярэдка не абыдзешся без дапамогі прафесіяналаў. Наплыў людзей, якія вырашаюць заняцца сваім здароўем і абліччам, асабліва расце ў сярэдзіне студзеня, адзначаюць адмыслоўцы.

«Менавіта на пачатку года людзі адчуваюць прыліў сілаў і энергіі, хочацца жыццё сваё зрабіць лепшым, больш насычаным, таму на пачатку года ў асноўным прыходзяць людзі займацца і неяк змяняць сваё жыццё», – кажа Яніна Ключнікава, заснавальніца клубу «Foka».

Паводле назіранняў Яніны Ключнікавай, тых, хто вытрымае больш за тыдзень-другі, сапраўды нямала, каля 80 адсоткаў.

Між тым дасягнуць новага жыцця атрымліваецца далёка не ўва ўсіх. Большасць спыняе ці гэтак і не пачынае дасягаць мэты ўжо праз паўтара месяца з Новага года. Дык у чым праблема?

Прывычны лад жыцця бярэ сваё. Паводле сацыялагічных даследаванняў, па выніках года менш за кожнае дзясятае навагодняе абяцанне выконваецца. І праблема не ў асобе, а ў недастатковай матывацыі ды адсутнасці сістэмы. Праз гэта, да прыкладу, не пачынаюць ашчаджаць грошы, атрымліваць новыя навыкі або скідаць вагу.

А чаго не ўдалося рэалізаваць беларусам летась?

«Пазыкі сабраць не ўдалося летась. А так – больш нічога».

«Ёсць лецішча недабудаваная, і вечна не стае часу».

«Усё, што планаваў, – удалося», – кажуць жыхары Менску.

Паводле даследавання фітнес-платформы «Strava», адзін з найбольш паспяховых метадаў дасягнуць мэты – прывучыць сябе займацца больш часта. Лепш не двойчы, а тройчы на тыдзень. Пры гэтым важна не рабіць нічога праз сілу ды знайсці сабе занятак даспадобы, адзначае Яніна Ключнікава.

«Самае галоўнае – гэта знайсці месца, знайсці клуб, у які вам захочацца хадзіць, знайсці трэнера, якога вы палюбіце, тады і вынікі будуць, і вы будзеце пачувацца цудоўна, і адпадзе жаданне худнець да святаў ці пасля святаў, да адпачынку ці пасля адпачынку. І асноўная місія трэнера – увесці трэнаванні ў звычайны лад жыцця», – кажа Яніна Ключнікава, заснавальніца клубу «Foka».

Бізнес-трэнеры раяць арыентавацца на вынік, якога хочаш дасягнуць, ды максімальна канкрэтна апісваць сваю мэту. Яна мусіць быць рэалістычная для выканання ў выбраны вамі адцінак часу. Зарганізаваць жа сябе на сістэматычную працу дапаможа вядзенне штодзённікаў і выкарыстанне мабільных аплікацыяў.

Юлія Лабанава belsat.eu