Роўна 5 гадоў таму на Майдане адбыўся першы расстрэл пратэстоўцаў


Сёння ў Кіеве згадваюць тых, хто пяць гадоў таму першымі аддалі свае жыцці ў імя Рэвалюцыі годнасці.

Удзельнікі акцыі, Кіеў:

«Як удзельнікі Майдану і як родныя загінулых мы не можам іх не ўспамінаць. Памяць, на жаль, у людзей вельмі кароткая».

«Усім людзям, кожнай нацыі патрэбна памятаць і надаваць такім падзеям значэнне, бо яны ствараюць гісторыю гэтай нацыі».

«Мне пашанцавала больш, чым хлопцам, якіх памяць мы сёння ўшаноўваем. Хацелася б, каб дзяржава памятала, цаніла і дапамагала тым людзям, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё ды незалежнасць нашае краіны».

Акцыя памяці першых ахвяраў Майдану адбылася і ў Менску. Старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч:

«Трэба ведаць, што такія падзеі, як і ва Украіне, могуць адбыцца і ў Беларусі. Бо акурат зараз над намі вісне пагроза. Таму можа быць так, што давядзецца аддаць і сваё жыццё, за сваю незалежнасць, за волю».

Раніца 22-га студзеня 2014- га назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Украіны. Першы ад трох стрэлаў свінцоваю карцеччу загінуў Сяргей Нігаян, яму было ўсяго 20 гадоў. Некалькі гадзінаў пазней ля стадыёну «Дынама» быў забіты і Міхаіл Жызнеўскі, які не дажыў усяго чатырох дзён да свайго 26-цігоддзя. Там жа, дзе і беларус Жызнеўскі, быў цяжка паранены Раман Сенык, які праз тры дні, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр у шпіталі.

Смерць першых трох герояў Нябеснае сотні – гэтак пасля назавуць ахвяраў расстрэлаў падчас Рэвалюцыі годнасці – не спыніла пратэстаў. Наадварот, дзясяткі тысячаў людзей выйшлі на Майдан незалежнасці, патрабуючы адстаўкі найвышэйшага кіраўніцтва краіны і незалежнага расследавання гэтых забойстваў. Украінцы лічаць гэтыя падзеі перамогаю над злачынным рэжымам. А апытаныя намі менчукі?

«Больш свабоды, як мне здаецца, у іх стала».

«Яны павінныя абараняць сваю радзіму, абараняць свабоду слова, што ў іх атрымалася ў прынцыпе».

«Людзі стаміліся, вядома. Але тут самая сістэма… Я лічу, што ва Украіне першапачаткова ўся ўлада была карумпаваная і злачынная».

Аднак нават праз пяць гадоў злачынствы супраць тых, хто выйшаў змагацца з карупцыяй, гэтак і не расследаваныя. Два гады таму Генеральная пракуратура Украіны агучыла версію, паводле якой Міхаіл Жызнеўскі быў забіты куляй, якая выкарыстоўваецца толькі ў падраздзяленнях МУС, прычым з адлегласці больш за 20 метраў. Летась у канцы лістапада ў ведамстве паведамілі, што за злачынствы падчас Еўрамайдану асуджаныя дзевяць асобаў, пры гэтым 33 падазраваныя працягваюць займаць пасады ў праваахоўных органах.

«Мы хочам, каб усе неабвержныя доказы былі сабраныя, а ўсе, хто спрычыніўся да гэтага, былі пакараныя», – кажа жонка забітага на Майдане Уладзіміра Бойкі Наталля.

На думку генеральнага пракурора Юрыя Луцэнкі, да гэтых злачынстваў датычныя былы прэзідэнт краіны Віктар Януковіч і тагачасны кіраўнік МУС Віталь Захарчанка, у тым ліку шэраг іншых дзеячаў праваахоўнага блоку, аднак поўную карціну аднавіць па-ранейшаму складана.

Віталь Бабін, belsat.eu