Рэвалюцыйны «Оскар»


Паўднёвакарэйскае кіно «Паразіты» – галоўны фільм году. Цырымонію ўручэння ўзнагародаў Амерыканскай кінаакадэміі ўжо называюць рэвалюцыйнай, бо ўпершыню ў гісторыі самы важны прыз узяла замежная стужка.

У сярэдзіне фільму рэжысёр адчыняе дзверцы ў сутарэнні, куды правальваюцца і заможныя, і бедныя – усе класы грамадства, і ўся краіна… Паўднёвакарэйскае кіно «Паразіты» – узяла «Оскара». Сёлетнюю 92 цырымонію ўручэння ўзнагародаў Амерыканскай кінаакадэміі ўжо называюць рэвалюцыйнай. Нечаканая перамога! А ў выпадку паўднёвакарэйскага рэжысёра Понг Чун Хо – перамога ў чацвёртай ступені: стужка «Паразіты» узяла чатыры ўзнагароды – «Найлепшы фільм», «Замежны фільм», «Арыгінальны сцэнар», «Рэжысёрская праца». Амаль усе вяршкі.

«Пасля перамогі ў намінацыі лепшая замежная карціна я падумаў, што ўсё, можна расслабіцца. Але давядзецца піць да раніцы», – паскардзіўся Понг Чун Хо, рэжысёр фільму «Паразіты», які атрымаў галоўны «Оскар».

Не адпачываюць сёння аналітыкі, бо абмеркаваць ёсць што: упершыню за 92 гады існавання «Оскара» быў намінаваны фільм з Паўднёвай Карэі, зроблены на мове арыгіналу. Упершыню ў гісторыі галоўны «Оскар» атрымала неангельскамоўная карціна. Паколькі раней кінаакадэмікі не ацэньвалі гэтак высока аніводзін замежны фільм, у поспех «Паразітаў» асабліва не верылі. Чакалася, што галоўная ўзнагарода дастанецца захапляльнай стужцы «1917» брытанскага рэжысёра Сэма Мэндэса аб Першай Сусветнай вайне. Другім фаварытам называлі любоўны ліст Кўэнтына Тарантына да шоу-бізнесу – «Аднойчы ў Галівудзе». У гэтай карціне «Оскарам» адзначылі гульню актора другога плану – Брэда Піта:

«Стаяць тут цяпер… Аднойчы ў Галівудзе, ці не праўда ж?», – сказаў актор.

«Оскар» у намінацыі «Найлепшы актор» атрымаў Хуакін Фінікс за бенефіс у «Джокеры»:

«Калі майму брату было 17, ён сказаў: бяжы на дапамогу з любоўю, і мір будзе з табой! Дзякуй!», – пракаментаваў узнагароду Хуакін Фінікс.

А «Найлепшая акторка» трапіла да Рэнэ Зэлўэгер за ролю ў «Джудзі». За выключэннем галоўнага і рэжысёрскага «Оскара», выбар акадэмікаў быў прадказальны, лічаць аматары кіно, якіх мы апыталі ў Менску:

«Нядаўна была на «1917» – спадабаліся эфекты і музычная пастаноўка».

«Я глядзела фільм «Джокер» і лічу што гэты актор сапраўды заслугоўвае «Оскара». Ягоная роля кранула да мурашак».

««Аднойчы ў Галівудзе» не спадабаўся. Вельмі дзіўны, арт-хаусны, на працягу 2 гадзін нічога не адбываецца».

«Я глядзеў і «Паразіты», і «1917», і «Джокер», і «Аднойчы ў Галівудзе» – усе спадабаліся».

У айчыннай кінаафішы намінанты «Оскару» сустракаюцца, але чакаем сапраўднае рэакцыі пракату на ўзнагароды. У найбліжэйшы час даведаемся, якія з фільмаў-пераможцаў трапяць у кінатэатры Беларусі.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Фота: Eric Gaillard / Reuters / Forum