Беларускі МЗС асуджае, Калумбія абураецца, а ЗША абвяргае сваю датычнасць. Гэтак свет рэагуе на спробу забіць прэзідэнта Венесуэлы. Між тым выказваюцца меркаванні, што ніякага замаху наагул не было, а інсцэнізацыя была патрэбная Мадура, каб распачаць чарговую хвалю рэпрэсіяў супраць апазіцыі. Каму ж насамрэч гэта можа быць выгадна?
Спроба атакі на прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура – «варварская і бесчалавечная», а ўсе рознагалоссі грамадства мусіць развязаць мірна ды паводле закону, лічаць у Міністэрстве замежных справаў Беларусі.
«Выкарыстанне гэтак агідных метадаў у палітычнай барацьбе ніколі не будзе прынятае Беларуссю. Мы будзем заўжды непрымірымыя ў дачыненні любых праяваў тэрору і гвалту», – паведаміла беларускае МЗС.
Замах, пра які гаворка, адбыўся ў Каракасе 4 жніўня. У выніку выбуху двух беспілотнікаў пацярпелі 7 жаўнераў Баліварыянскай нацгвардыі.
«Я адчуў выбух. Шкло завагалася, нібы зараз зломіцца. Я думаў, што гэта быў гром ці феерверк», – распавядае мясцовы жыхар Маркас Маркес.
Момант выбуху аднаго з дронаў трапіў на відэа.
Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Венесуэлы, усяго было два дроны. На кожным – па кілаграме выбухоўкі C4. Беспілотнікі нібыта перахапіла спецтэхніка прэзідэнцкай гвардыі.
«Затрыманыя шэсць тэрарыстаў. Уся значная інфармацыя і відэа з доказамі сабраныя», – кажа міністр унутраных справаў Венесуэлы Нэстар Рэвэроль.
Афіцыйны Каракас вінаваціць у рыхтаванні замаху ўльтраправыя сілы з Венесуэлы і Калумбіі. Паводле Мадура, спонсары замаху жывуць у Злучаных Штатах. Але ж і ў Калумбіі, і ў ЗША заявы Мадура зняпраўдзілі.
«Я магу сказаць адназначна: урад ЗША не ўдзельнічае ў гэтым наагул», – сказаў дарадца прэзідэнта ЗША ў Нацбяспецы.
Адказнасць за інцыдэнт узялі на сябе дасюль непрыкметныя «Фланелевыя жаўнеры» («Soldados de Franela»). Групоўка пазіцыянуе сябе як нацыянальна-вызвольны рух.
«Гэты замах моцна ўдарыў па ўсім рэжыме Мадура. Бо, як бы там ні было, – сапраўдныя дроны С4 ці то выбух газавага балону, як казалі адразу пасля падзеі пажарнікі, увесь свет пабачыў уразлівасць і слабасць рэжыму. Асабліва вось гэтыя кадры, калі байцы Нацгвардыі пачынаюць актыўна разбягацца ў розныя бакі», – кажа адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.
А гэта – у тым ліку тыя байцы, якія летась супрацьстаялі масавым пратэстам. Вось толькі ў самой Венесуэле замах разглядаюць зусім не як слабасць, а як падставу для салідарнасці ды спагады з рэжымам Мадура.
«Мы мусім быць салідарныя – падтрымліваць прэзідэнта Мадура ды Баліварыянскі ўрад, тады яны будуць непахісныя, як лавіна», заявіў міністр замежных справаў Венесуэлы Хорхэ Арэаса.
Але далёка не ўсе ў Венесуэле спачуваюць Мадура, кажа Красулін.
«Зразумела, калі ўрад не чуе масавых мірных неўзброеных пратэстаў, то сярод пратэстоўцаў знойдуцца тыя, хто паспрабуе неяк узмацніць свой голас», – кажа Яўген Красулін.
А поспех апазіцыі ўжо блізка, кажа эксперт. Бо рэсурсы рэжыму Мадура як на разгон пратэстаў, гэтак і на закручванне гаек амаль вычарпаныя. Напружанасць у Венесуэле працягвае нарастаць.
Сцяпан Святлоў belsat.eu