Рэканструкцыя ў Магілёве: адзін лекар, нястача вады і дзеці на санцапёку


Вайна і немцы, на санцапёку. У Магілёве актыўна рэпетуюць урачыстасці з нагоды 75-годдзя ўваходу савецкіх войскаў у горад. На адкрытае поле вывялі не толькі студэнтаў, але і малых дзяцей. Нягледзячы на тое, што лекары не рэкамендуюць знаходзіцца пад такім сонцам нават дарослым.

«Дзяўчаты, давайце жывей. Спальваем вёскі і потым разыходзімся з вамі», – чуем жаночы голас з гукаўзмацняльніка.

Нават без пастановачнага спальвання вёсак у Магілёве – сапраўднае пекла. 33 градусы цяпла. Але гэта ніяк не замінае рыхтавацца да афіцыйных святкаванняў.

«Імітацыя ваенных дзеянняў, рэканструкцыя баёў, напэўна… Ці бою. Вызваленне Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гадавіна!» – распавядаюць нам удзельнікі рэпетыцыі.

Маштабную тэатралізаваную імпрэзу ў адкрытым полі ў раёне вуліцы Гагарына арганізоўвае Магілёўскі гарвыканкам. Ролі ўва ўсіх вельмі разнастайныя:

«Мы спачатку граем даваенны час, потым мы апалчэнцы, а пасля гэтага мы сыходзім у канцлагер».

«Проста сказалі, ад арганізацыі трэба столькі і столькі чалавек. Чым большая арганізацыя, тым больш, вядома, чалавек. Дабраахвотна-прымусова, калі вы гэта хочаце пачуць», – сведчыць, душачы смех, адна спадарыня.

Смех смехам, але доўгае перабыванне на санцапёку можа скончыцца зусім не вясёлымі вынікамі, папярэджвае Дзяніс Сляпцоў – адзіны медычны працаўнік, які дзяжурыць на полі:

«Там некаму дрэнна стала, мы пабеглі агледзець жанчыну, сюды, нават калі нехта звернецца, яму ніхто не дапаможа».

Фельчар звяртае ўвагу і на тое, што на полі не стае пітной вады. Тую, што ёсць, даў Чырвоны крыж. Не ўсе яго працаўнікі ахвочыя да каментароў:

«Мы працуем, дапамагаем людзям. Не трэба нам пытанні задаваць!»

«Абязводжванне, мы павінныя дапамагаць людзям».

Бюджэтным работнікам рэпетыцыя замяніла працоўныя гадзіны.

«Хлопцы, хто не падпісаў з БРУ, падыдзіце сюды», – даносіцца з мегафону.

Студэнтам – вучэбную практыку, сведчыць навучэнка:

«Нам далі падпісаць паперы, што замест нейкіх практыкаў ходзім на гэтыя рэпетыцыі».

Не зразумела, што рэпетыцыя замяніла дзецям.

«Дзяцей цяпер ужо няма. Першых пару дзён, вядома, дзеці, падлеткі, ім, натуральна, было дрэнна, іх ніхто цяпер не прыводзіць», – распавядае адна з удзельніц.

На якой падставе ў ранейшых рэпетыцыях удзел бралі няпоўнагадовыя? Чаму імпрэзу нельга перанесці на больш прахалодныя гадзіны? І ці плацілі хуткай дапамозе і міліцыі за працу на масавым мерапрыемстве? Усё гэта мы намагаліся спытаць у начальніцы Упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкаму Ірыны Жаббаравай.

Не датэлефанаваўшыся ў працоўны час кіраўніцы, тэлефануем ейнай намесніцы – Марыне Клепчуковай:

– Ірыне Валер’еўне набірайце.

– А я вось ёй набіраў, але чамусьці ніхто не адказвае.

– Не ведаю. Спрабуйце, набірайце.

– А Вы не ведаеце, што там адбываецца?

– Не, я не магу… Як гэта я не ведаю? Я ведаю, але бярыце ў яе, калі ласка, інтэрвʼю.

Але не ўсе ўдзельнікі рэпетыцыяў скардзяцца, некаторыя ўва ўсім шукаюць пазітыў:

«Хочацца быць незадаволеным, але мы разумеем, што так і павінна быць. Напэўна. Бо гэта рэпетыцыя, ад гэтага нікуды не падзенешся».

Зрэшты, удзельнікі самыя падпісаліся, што будуць хадзіць на рэпетыцыі. А рызыкаваць ці не рызыкаваць здароўем – вольная справа кожнага.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu