«Разлічваліся па поўнай праграме, нават за шкоду, якой не зрабілі». Новы этап справы медыкаў


Барацьба з карупцыяй ці масавая акцыя запалохвання чыноўнікаў? У Беларусі – новы этап «справы медыкаў». На лаве абвінавачаных – прадпрымальнікі і чыноўнікі са сферы аховы здароўя. Следчыя кажуць, што знайшлі вінаватых у росце коштаў на лекі.

Заля Менскага гарадскога суда з цяжкасцю змясціла журналістаў, сваякоў абвінавачаных ды іхных абаронцаў. На лаве падсудных – 21 чалавек: чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя, лекары і бізнесоўцы. Сярод іх – Сяргей Шакуцін, брат аднаго з найбагацейшых прадпрымальнікаў краіны Аляксандра Шакуціна.

«Канкрэтныя абвінавачванні будуць абвяшчацца дзяржабвінаваўцам. Пасля таго, як падрыхтоўчая частка судовага паседжання скончыцца, і мы пяройдзем да асноўных слуханняў», – гаворыць Анастасія Чыстая, адвакатка Сяргея Шакуціна.

Абвінавачанне – гэта хабарніцтва і ўхіленне ад падаткаў. Паводле версіі КДБ, чыноўнікі і кіраўнікі медцэнтраў за грошы раздавалі ліцэнзіі і перамогі ў тэндарах набліжаным бізнесоўцам. У выніку кошты лекаў і абсталявання завышаліся ад 10 да 100 адсоткаў. Праўда, суд такой шкоды пацвердзіць не змог.

Віктар Федаровіч, сайт «Сильные новости»:

«Тэндарныя закупкі, атрымліваецца, былі праведзеныя паводле закону. Да чальцоў тэндарнай камісіі прэтэнзіяў не было. Кіраўнікі прызнаваліся, што яны бралі хабар. Калі пытанне задавалася: «За што?» – усе дружна адказвалі: «Ды ні за што!» У працу тэндарнай камісіі яны не ўмешваліся».

Арышты за хабар у сферы медычных закупак пачаліся яшчэ летась увесну. КДБ паведамляў, што абвінавачаных і падазраваных – больш за 90 чалавек, а разавая сума хабару даходзіла да 350 тысяч долараў.

Прысуды ўжо атрымалі 11 чалавек. Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Ігар Ласіцкі ў турме правядзе 6 гадоў. Начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў – 9. Праўда, сума хабараў, агучаных у судзе, не перавысіла 37 тысяч долараў.

Віктар Федаровіч, сайт «Сильные новости»:

«Аляксандр Рыгоравіч вельмі сур’ёзна да гэтага ставіцца і нікога не шкадуе. Гэтаму ёсць маса прыкладаў. Людзі, якія побач з ім бульбу капалі, траплялі ў СІЗА КДБ і разлічваліся па поўнай праграме. Нават за тую шкоду, якой не зрабілі».

Сёлета за хабар асудзілі былога памочніка кіраўніка дзяржавы Сяргея Раўнейку, начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку сталіцы Сяргея Барысевіча, арыштавалі нават былога начальніка прэзідэнцкай аховы Андрэя Уцюрына.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (11.05.2019):

«Нічога надзвычайнага. Звычайная барацьба з карупцыяй».

Нягледзячы на ​​рэгулярныя арышты чыноўнікаў, хабарніцтва ў вярхах у Беларусі ёсць і будзе – кажа апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька, НДА «Еўрапейскі дыялог»:

«Занадта шмат дзяржавы. Калі дзяржава прысутнічае літаральна ўва ўсім, а за дзяржавай стаяць канкрэтныя людзі – гэта і прыводзіць да карупцыі».

У рэйтынгу ўспрымання карупцыі, які кожны год публікуе «Transparency International», пазіцыі Беларусі выглядаюць нашмат лепш, чым у большасці постсавецкіх краінаў. Аднак раем для бізнесу нашая краіна так і не стала. У рэйтынгу свабоды прадпрымальніцтва Беларусь займае 102 радок са 180.

Аляксандр Папко, belsat.eu