Распачаўся збор подпісаў за выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы


Беларусі не патрэбная Саюзная дзяржава. Петыцыю за выхад нашай краіны з саюзу з Расеяй ініцыявала грамадская кампанія «Наперад, Беларусь!»

Збор подпісаў за выхад Беларусі са складу Саюзнай дзяржавы ў інтэрнэце распачаў памочнік Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка. Заклапочанасць інтэграцыяй выказала і сама дэпутатка.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі:

«Улады ізноў у гэтым пытанні, што хвалюе большасць грамадзянаў, занялі пазіцыю таго, што яны ўсё робяць за зачыненымі дзвярыма. Менавіта ў гэтым пытанні яна можа знайсці магчымасць аперціся на грамадства».

Напярэдадні ж Ганна Канапацкая звярнулася да Дзмітрыя Крутога, міністра эканомікі ды кіраўніка беларускай працоўнай групы ў пытанні інтэграцыі, з просьбаю агучыць умовы расейскага боку адносна будучыні Саюзу. Аднак замест копіяў дакументаў атрымала адпіску. Гэткі ж адказ, што перамовы яшчэ вядуцца, сёння прыйшоў на запыт дэпутаткі Алены Анісім.

Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі:

«Міністр засяроджвае ўвагу на тым, што гэтаму пытанню шмат гадоў, што гэтае пытанне перыядычна падаграецца прэсай, і ў сваю чаргу зазначае, што нічога, апроч таго, пра што раней была дамоўлена, сёння не абмяркоўваецца».

Літаральна ўчора стала вядома, што прапановы бакоў адносна выканання дамовы аб Саюзнай дзяржаве ўзгаднілі, цытата, «на 70 адсоткаў». Пра гэта па выніках перамоваў са старшынём МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым паведаміў айчынны міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Сяргей Ніканюк, палітолаг:

«Адныя і тыя ж падпісаныя пункты заўсёды трактуюцца па-рознаму. Калі гаворыцца пра адзіную валюту, то – так, мы за адзіную валюту. Ніколі Беларусь гэтага не адмаўляла. Але затым яна кажа, што эмісійных цэнтраў мусіць быць два».

Разам з гэтым адмысловец не здзіўлены тым, што незалежныя дэпутаткі не здолелі нічога даведацца пра будучыню дзяржавы саюзнай і ўласнай. Сяргей Ніканюк, палітолаг:

«Што да парламенту, то гэта выключна імітацыйны орган. Таму заканадаўчая ўлада не бачыць неабходнасці дзяліцца з ім якой-небудзь інфармацыяй».

Для эканамічнай супрацы, у тым ліку паміж Расеяй і Беларуссю, існуе Еўразійскі эканамічны саюз. Дык ці патрэбная нам Саюзная дзяржава? Пра гэта мы запыталіся ў жыхароў сталіцы:

«Гэты саюз можа разглядацца як пагроза суверэнітэту. А гэтага нельга дапусціць».

«Можа, нейкія эканамічныя стасункі з Расеяй, але навошта дзеля гэтага Саюзная дзяржава? Я лічу, будучыні ў яе няма».

«Ну якая можа быць саюзная дзяржава, калі яны нават па звычайных пытаннях не могуць знайсці ўзаемапаразумення».

Шукаць паразуменне ў іншых інтэграцыйных пытаннях з Расеяй на найвышэйшым узроўні будуць у Казахстане. Там у межах паседжання Еўразійскага эканамічнага савету ў Лукашэнкі запланаваная сустрэча з Уладзімірам Пуціным.

Юлія Лабанава, belsat.eu