Расейцы ў Берасці. Што падабаецца турыстам, і чым яны не задаволеныя?


У Расеі даўгія выходныя, а ў Берасці – пік расейскага сезону. Бо турысты з Усходу напярэдадні 9 траўня масава наведваюць і лінію Сталіна, і Хатынь, і Берасцейскую крэпасць. Менавіта ў такіх месцах цяпер можна пабачыць вялізную колькасць георгіеўскіх стужак, сцягоў і рэчаў з савецкай сімволікай.

Сфатаграфавацца на танку, з вінтоўкай, у вайсковай форме ці хаця б на фоне пазнавальнага ўваходу – у Берасцейскай крэпасці наплыў расейскіх турыстаў.

«Напярэдадні 9 траўня вырашылі далучыць дзяцей да агульнай гісторыі Беларусі і Расеі і наведаць Берасцейскую крэпасць».

«Усё-такі гэта нашая агульная радзіма, мы нарадзіліся і выраслі ў СССР, мы лічым сябе адной краінай», – кажуць турысты з Расеі.

Краязнаўца Іван Чайчыц адзначае, што Берасцейскую крэпасць расейскія турысты наведваюць найчасцей менавіта ў траўні – ці едучы на вялікія выходныя ў Еўропу, ці на зваротным шляху:

«Вялікую ролю адыграў выхад фільму Аляксандра Котта «Брэсцкая крэпасць». Пасля таго, як гэты фільм паглядзелі, шмат хто захацеў на свае вочы пабачыць гэтае месца. На іншых, хто паглыблена займаецца, паўплываў выхад кнігі Расціслава Аліева і Іллі Рыжова «Брест. Июнь. Крепость», дзе падрабязна ўсё апісана, а крыніца – нямецкія дакументы».

Наплывам турыстаў задаволеныя і тыя, хто прадае сувеніры ці здае рэквізіт для фотаздымкаў, і арандатары жытла, і працаўнікі кавярняў.

«Для нас гэта вельмі добра, у нас выручка, план выконваецца, мы гэтым задаволеныя. Любяць яны дранікі, любяць беларускую кухню, папараць-кветку, салянку на першае. Яны не пераборлівыя, ім галоўнае – хатняя кухня», – кажа Наталля, кухарка, кафетэрый «Прыдарожны», Жабінкаўскі раён.

Не маюць прэтэнзіяў да гасцей і жыхары Берасця:

«Я яшчэ не бачыла, каб яны кепска сябе паводзілі. З павагай ставяцца да старэйшага пакалення».

«Мы добразычлівы народ, беларусы, усіх прымаем, галоўнае, каб яны агрэсіі не праяўлялі ў наш бок».

Расейскія турысты традыцыйна хваляць чысціню і добрыя дарогі…

«Парадак, чысціня, будынкі добра выглядаюць, у нас усё па-іншаму, калі не ў Маскве».

«Па-першае, вельмі чыста, вельмі добразычлівыя людзі».

… а наракаюць на адсутнасць інфармацыі для падарожнікаў:

«Паболей для турызму, гэтага нестае, усё даводзіцца самім праз інтэрнэт шукаць».

«Кошты, мы чакалі, што будзе танней усё».

«У крэпасці ўвогуле нічога не зразумела – дзе, што было, што стаяла, што разбуранае», – распавядаюць госці Берасця.

Але ж Берасце вядомае не толькі крэпасцю. Краязнаўца Іван Чайчыц кажа:

«Хацелася б, каб пазнаёміўшыся з Берасцейскай крэпасцю, турыст – расейскі, украінскі ці еўрапейскі – знаёміўся з нашым горадам і абмяжоўваўся не толькі гісторыяй гораду ў 1941-44 гадах, але і зазіраў у глыбіню стагоддзяў».

Сёлета горад над Бугам адзначае тысячагоддзе.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu