Пяцігоддзе акупацыі Крыма расейцамі


Ільмі Умераў ужо больш за год жыве ў Кіеве, не маючы магчымасці вярнуцца ў родны Крым. У 2016-ым супраць намесніка кіраўніка Меджлісу крымскататарскага народу расейскія ўлады распачалі крымінальную справу – за выказванні ў падтрымку цэласнасці Украіны.

«Калі б вы чатыры ці чатыры з паловай гады таму запыталіся, я б сказаў, што год-паўтара, і ўсё скончыцца. Зараз ужо мінула пяць гадоў, і канца не бачна», – распавядае Ільмі Умераў, намеснік кіраўніка Меджлісу.

Не бачыць канца і ўкраінскае грамадства – асабліва цяпер, калі краіна актыўна рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў, падкрэсліваюць адмыслоўцы.

«Канечне, асобны ўзровень неўспрымання сітуацыі з акупацыяй прысутнічае. І таму ёсць хваравітасць у грамадстве, ёсць траўмы», – кажа палітолаг Алег Саакян.

Аднак калі для ўкраінцаў пытанне Крыму – гэта траўма, якая яшчэ не зусім загаілася, то для расейцаў – сапраўднае свята. Нават нягледзячы на тое, што за пяць гадоў колькасць жыхароў нашай усходняй суседкі, якія лічаць карысным для Масквы далучэнне Крыму, скарацілася з шасцідзесяці сямі да трыццаці дзевяці адсоткаў.

«Цяпер там фантастычны аэрапорт. Мая сястра летась ездзіла па новым мосце – клас!»

«Фактычна гэта бескарысна было. Я б пакінуў Крым на месцы».

«Гэта толькі атмасферу напаліла ў нашых краінах, а больш нічога не прынесла».

Аднак тады, у сакавіку 2014-га, мала хто здагадваўся, да чаго прывядзе галасаванне аб далучэнні Крыму да Расеі. Пасля перамогі Еўрамайдану і змены ўлады ў Кіеве на паўвостраве з’явіліся расейскія «зялёныя чалавечкі».

Фактычна пад рулямі аўтаматаў у Крыме адбыўся рэферэндум. Тады кіраўнік Расеі паабяцаў крымчукам захаваць усе асноўныя правы.

Аднак па факце з 16 школаў з крымскататарскаю моваю навучання на пачатак верасня мінулага года засталося толькі 7, а з сямі ўкраінскіх – ніводнай. У дачыненні крымчукоў, нязгодных з акупацыяй, завялі 95 крымінальных справаў, дзясяткі асобаў трапілі ў турму. А дзясяткі тысячаў – зʼехалі за межы радзімы.

«Шмат хто з іх захаваў украінскі пашпарт – тыя, у каго была такая магчымасць. Зразумела, што ёсць бюракратычныя рагаткі для мігрантаў, бо іх дастаткова шмат, улічваючы мігрантаў з Данбасу», – лічыць палітолаг Яўген Магда.

Тым жа крымчукам, хто атрымаў расейскія пашпарты, прэмʼер-міністр Расеі ў свой час прапанаваў развязваць фінансавыя праблемы самастойна.

І напэўна, каб развязаць гэтую праблему, у Крамлі знайшлі выйсце: расейскі ўрад мае намер падлічыць эканамічныя страты Крыму за час, калі паўвостраў заставаўся ў складзе Украіны, каб праз міжнародныя структуры запатрабаваць у Кіева кампенсацыі.

Віталь Бабін, «Белсат»