Пуцін назаўсёды


Сёння асноўны і апошні дзень агульнарасейскага галасавання аб зменах у Канстытуцыі. У Асноўны закон краіны прапаноўваецца ўнесці больш за 200 зменаў, сярод якіх галоўная – «абнуленне» прэзідэнцкіх тэрмінаў Пуціна. Пры гэтым у бюлетэні няма асобных пунктаў: галасаваць можна або за ўсё або супраць усяго.

Застацца пры ўладзе да 2036 года – такія перспектывы адкрываюць перад Уладзімірам Пуціным змены ў расейскую Канстытуцыю. Закон аб папраўках пачне дзеяць, калі яго падтрымаюць на ўсенародным галасаванні.

Разам з «абнуленнем» папярэдніх тэрмінаў Пуціна расейцам прапаноўваюць прагаласаваць за тое, каб у Канстытуцыі ўзгадалі веру ў Бога, пераемнасць іх краіны з СССР, штогадовую індэксацыю пенсіяў і сям’ю як саюз мужчыны і жанчыны.

«Гэта першы крок да таго, каб у нашай краіне пачаліся сурʼёзныя сацыяльныя змены на карысць людзей, людзей працы».

«Гэта правільныя папраўкі, з якімі мы згодныя!»

«Што датычыць паправак, то я іх нават не чытала, калі шчыра. А сэнс? Сэнс галасаваць, калі за вас ужо ўсё вырашылі?» – выказваюцца жыхары Масквы.

Упершыню ў гісторыі Расеі галасаванне праходзіла цэлых сем дзён. Каб засцерагчы грамадзянаў ад каронавіруса – тлумачаць улады. Галасаванне праводзілі ў выбарцаў удома, на падворках і нават у космасе. Датэрмінова прагаласавалі ажно 55 адсоткаў выбарцаў.

Пераломам пляча скончылася спроба журналіста «Медыязоны» Давіда Фрэнкеля зафіксаваць спрэчку паміж назіральнікамі ды старшынёй участковай камісіі ў Пецярбургу. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна вынесла скрыню і вярнула ўжо напоўненую бюлетэнямі.

«Валянціна Матвіенка прапаноўвае гэтую практыку распаўсюдзіць на іншыя выбары. Сем дзён галасавання, сем дзён магчымасцяў маніпуляваць скрынямі, галасамі, бюлетэнямі – гэта выдатна», – абураецца чалец тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з Пецярбургу Уладзімір Маладажэня.

Прымушэнне да галасавання і ўкідванне бюлетэняў – за час датэрміновага галасавання назіральнікі руху «Голас» атрымалі амаль 700 паведамленняў з прыкметамі парушэнняў.

«Ад самага пачатку ёсць пытанні да таго, што папраўкі прымаюцца пакетным спосабам. Ад самага пачатку ёсць пытанні да самой працэдуры, паколькі яна не прадугледжаная заканадаўствам», – каментуе каардынатар руху «Голос» Віталій Аверын.

Сапраўды, расейскі закон 1998 года аб парадку прыняцця паправак у Канстытуцыю такой працэдуры, як усерасейскае галасаванне, не прадугледжвае.

«У краіне адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. І цяпер яго трэба неяк у грамадскай свядомасці легітымізаваць. Таму ўлады заганяюць на выбарчыя ўчасткі ўсіх – і згодных, і нязгодных», – тлумачыць былы мэр Екацярынбургу Яўген Ройзман.

Некалькі тысяч грамадзянаў Расеі сваё меркаванне наконт зменаў у Канстытуцыі выказалі на ўчастках у Беларусі. Галасаванне прайшло ў Гомлі, Берасці, Астраўцы, Магілёве і Менску – паведаміў амбасадар Расеі ў нашай краіне Дзмітрый Мезенцаў.

«У гэтым наборы паправак – план бліжэйшага развіцця. Не на год, не на два, а на дзесяцігоддзі. У галіне прамысловасці, удасканаленне ўсіх элементаў уладнай вертыкалі», – заявіў амбасадар.

Праз рэферэндум у 1996 годзе ўзмацніў «уладную вертыкаль» і «абнуліў» першыя два гады свайго прэзідэнцтва і Аляксандр Лукашэнка. Наступны рэферэндум у 2004 годзе дазволіў яму абірацца неабмежаваную колькасць разоў.

«Дыктатары выкарыстоўваюць рэферэндумы як форму масавай падтрымкі саміх сябе. Яны ашукваюць праз сродкі масавай інфармацыі грамадскую свядомасць, а пасля праз фальсіфікацыі надаюць рэферэндумамі сабе легітымнасць», – падсумоўвае філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле папярэдніх падлікаў расейскай ЦВК, змены ў Канстытуцыі падтрымалі 70 адсоткаў удзельнікаў галасавання. Больш дакладныя лічбы абвесцяць ужо неўзабаве.

Аляксандр Папко, «Белсат»