«Прыязджалі сюды штогод, збіралі косткі, плакалі...» 75-я гадавіна вызвалення лагеру Аўшвіц


27 студзеня – роўна 75 гадоў са дня вызвалення канцлагеру Аўшвіц-Біркенаў, аднаго з самых жудасных сімвалаў нацызму, фабрыкі смерці, пабудаванай гітлераўскім Трэцім Райхам на тэрыторыі захопленай Польшчы. У былым канцлагеры, ператвораным у музей, праходзіць памятная цырымонія з удзелам ацалелых вязняў і дэлегацыяў амаль з 60 дзяржаваў.

Іх хацелі знішчыць – яны выжылі ды вярнуліся, каб ускласці кветкі да Расстрэльнай сцяны. У лагеры смерці Аўшвіц-Біркенаў у газавых камерах і крэматорыях гітлераўцы знішчылі 1,1 млн чалавек – габрэяў, ромаў, палякаў, беларусаў і людзей іншых нацыянальнасцяў. Калі сюды прыйшлі байцы Чырвонай арміі, у жывых заставалася 7 тыс. вязняў – 200 з іх прыехалі ўжо не ў канцлагер, а ў музей.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Цягам шматлікіх гадоў мы спрабавалі запрасіць кагосьці з ветэранаў, якія насамрэч вызвалялі Аўшвіц. Я сам прасіў дапамогі ў расейскай амбасады 6 гадоў таму… Мне так і не ўдалося знайсці кантактаў людзей, якія асабіста вызвалялі Аўшвіц і ўсё яшчэ жылі», – распавёў дырэктар музею Аўшвіц-Біркенаў Пётр Цывіньскі.

На афіцыйную частку ўрачыстасцяў прыбылі дэлегацыі паўсотні дзяржаваў, у тым ліку прэзідэнты Ізраілю, Украіны і Літвы.

«Фальшаванне гісторыі Другой сусветнай вайны, аспрэчванне злачынства генацыду і адмаўленне Галакосту, а таксама штучнае выкарыстанне трагедыі Аўшвіцу для якіх-кольвек мэтаў – гэта зняслаўленне памяці ахвяраў, чый прах тут ляжыць», – заявіў з трыбуны падчас выступу прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Беларускую дэлегацыю ў Аўшвіцы ўзначаліў намеснік старшыні Савету Рэспублікі Анатоль Ісачанка.

Ахвяраў гітлераўскага генацыду і тых, хто дапамагаў ратаваць людзей ад знішчэння, сёння ўзгадалі і ў менскім Музеі Вялікай айчыннай вайны на адмысловым мерапрыемстве.

«Тое, што тут адбываецца сёння, гэта тая чыстая памяць, якую мы хочам памятаць самі і нагадваць іншым, асабліва паказаць праведнікаў свету, якія былі промнем святла ў цёмныя часы», – кажа амбасадар Ізраілю ў Беларусі Алён Шогам.

Гэта не проста мемарыяльнае, не рытуальнае мерапрыемства, а практычныя дзеянні для патрэбаў сённяшняга дня, заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

«Не проста нагадаць аб ахвярах шмат гадоў таму, а каб у чарговы раз сцвердзіць, што перад намі, перад чалавецтвам, стаіць рэальны выклік. Заклік «ніколі болей» – гэта не канстатацыя факту, на вялікі жаль», – адзначыў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Дапкюнас.

Пра тое, што антысемітызм зноўку паднімае галаву, казалі дыпламату з Ізраілю і ЗША. Амбасадар Расеі Дзмітрый Мезенцаў выказаў заклапочанасць, што сёння пад сумнеў ставяць подзвіг пераможцы ў гэтай вайне.

Адзін з беларускіх гарадоў назаўжды зменены гітлераўскім генацыдам. Гэта Пінск, дзе да вайны больш за палову насельніцтва былі беларускія габрэі. У мясцовым гета былі знішчаныя каля 40 тысячаў габрэяў заходняй Беларусі.

Сёння сябры пінскай габрэйскай грамады наведалі месцы масавых расстрэлаў.

«Прыязджалі сюды штогод, збіралі косткі, плакалі. І я з імі хадзіў, яшчэ ў 1960-я гады, я хлопчыкам быў», – узгадвае нашчадак ахвяраў Галакосту, пінчук Арон Мішкін.

Узгадалі забітых, узгадалі і праведнікаў – 13 пінчукоў, якія ратавалі габрэяў ад смерці, рызыкуючы сваім жыццём.

«І маладое пакаленне – вы бачыце, што ў нашых мерапрыемствах удзельнічае дырэктар школы разам з вучнямі, і нашыя замежныя госці, якія прыязджаюць сюды ўзгадаць памяць выхадцаў з Пінску, і чальцы нашай грамады – вы бачыце, колькі людзей сталага ўзросту», – пералічвае прысутных старшыня Свецкай габрэйскай грамады Пінску Яфім Дурнапейка.

Галоўнае спадзяванне – каб Галакост ніколі не паўтарыўся.

Яраслаў Сцешык belsat.eu