Прышчэпка – найлепшы сродак супраць грыпу


Беларусы зноўку хварэюць на грып, але пакуль адзінкава, эпідэміі няма, заяўляе Міністэрства аховы здароўя. Тым не менш, дыягназ «грып» ужо ставяць у паліклініках. Лекары папярэджваюць: грып можа выклікаць сур’ёзныя ўскладненні.

Што рабіць, каб не захварэць на грып? У кожнага свой рэцэпт. Сваім з «Белсатам» ахвотна падзялілася маладая маці Марына Курышка. Яна распавяла нам, што робіць, каб ейная двухгадовая дачка заставалася здаровая.

«Мая дачка і не хварэе. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што сёлета ў верасні мы рабілі прышчэпку. І мне адразу сказалі: калі ў вас будзе грып ці іншая хвароба – яна пройдзе вельмі плаўна і незаўважна», – кажа Марына Курышка.

Імунітэт дзіцяці маладая маці таксама ўзмацняе праз водныя працэдуры ды вітаміны.

«Мы наведваем басейн. Магчыма, гэта ўплывае на тое, што ў нас няма грыпу. Яшчэ я кампоты даю, звычайныя журавіны, вішні, трускалкі», – працягвае спадарыня Марына.

Якім жа сродкам пры лекаванні грыпу найбольш давяраюць менчукі?

Апытаныя намі мінакі падзяліліся сваймі рэцэптамі:

«Часнык, маліны, лімон. Для прафілактыкі – прышчэпка».

«Часныковыя пацеркі нашу і чапляю з «Кіндэру». Мазь аксалінавую яшчэ мажам, скажы, так?».

«Прамываю нос вадою, соллю».

«Раблю звычайныя падцягванні – і нібыта ўсё мінае».


«Іншы раз п’ю ліпавы цвет, ну і прышчэпкі, канечне, і сабе, і дзіцёнку».

«Не маю шкодных звычак і ўсё».

Інфекцыяніст Мікалай Галабародзька адзначае, што ў бальшыні выпадкаў грып трэба пераляжаць, каб імунная сістэма арганізму перамагла хваробу.

«Грып – гэта рэспіратарная вірусная інфекцыя, і як пры розных інфекцыях лепей не ўжываць лекаў, а забяспечыць пакой і догляд. Лепей не ісці на працу, а застацца ўдома, піць болей вадкасці, кантраляваць тэмпературу», – кажа лекар.

І толькі ў сапраўды цяжкіх выпадках адмысловец рэкамендуе ўжыць антывірусны прэпарат.

«Ён патрэбны збольшага для дзвюх катэгорыяў: тым, у каго грып цяжкі (яны звычайна трапляюць у стацыянар), а таксама тым, для каго небяспечнае ўскладненне грыпу. Гэтыя людзі, дарэчы, павінныя былі зрабіць прышчэпку. Прышчэпка абараняе», – дадае Мікалай Галабародзька.

Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што сёлета ўздыму захворвання на грып чакаюць у сярэдзіне лютага.

Такім чынам найлепшы сродак абароны ад сёлетняга грыпу – сядзець удома і не кантактаваць з людзьмі. Калі ж у вас гэта не атрымліваецца, не саромейцеся надзяваць у публічных памяшканнях марлевую павязку.

Арцём Лява/«Белсат», фота анонсу – Eric Gaillard/Reuters