Прававы дэфолт паглынае таксама журналістаў


Сур’ёзны прававы дэфолт пануе ў беларускім грамадстве праз усёдазволенасць, якую даў сілавікам Аляксандр Лукашэнка. Гэта выснова праваабарончага «Вясна», які несупынна рэгіструе факты затрымання беларусаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, а таксама журналістаў, якія намагаюцца працаваць у тэме пераменаў. Быць журналістам недзяржаўнага СМІ – рызыкаваць, што цябе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Пасля 15 содняў арышту за выкананне сваёй працы – выйшаў на волю берасцейскі фатограф Раман Чмель. Блізкія і калегі цёпла сустрэлі, а журналіст распавёў пра акалічнасці затрымання:

«Мы працавалі з калегам, як належыць – з усімі дакументамі, у адмысловых камізэльках. Да нас мэтанакіравана падʼехаў бус, падышлі амонаўцы, не білі і не ламалі, прыгожа папрасілі прайсці з імі».

Содні адбываюць цэлы шэраг журналістаў, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі медыямі, сярод іх Аляксандр Сідарэўскі, Арцём Лява і Яўген Шапчыц. Учора затрымалі Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву, якія вялі ў нашым эфіры стрым з плошчы Пераменаў. Кацярыну затрымлівалі сёлета ў пяты раз.

Ігар Ільяш, журналіст «Белсату»: «Яна паведаміла бацькам, што ёй пагражаюць крымінальнаю справай, звязанай з беспарадкамі. Імаверна, гаворка пра арт. 342 КК РБ. І таксама паведаміла, што затрымлівалі іх байцы спецназу».

Абаронца Андрэевай пацвердзіла, што супраць Кацярыны завялі крымінальную справу.

Падчас асвятлення акцыяў памяці забітага на плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі затрымалі агулам 24 журналісты з Менску, Горадні, Пінску і Віцебску.

Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў: «Улады разглядаюць журналістаў таксама як перашкоду для сябе, таму ўключаецца механізм уздзеяння праз крымінальныя справы. А крымінальная справа – гэта абмежаванне на выезд, гэта магчымасць праводзіць ператрусы ў чалавека хоць кожны дзень».

Пагрозы доўгімі турэмнымі тэрмінамі – чарговы элемент ціску на журналістаў, якія паказваюць усяму свету, што беларусы ўпарта выходзяць змагацца за справядлівая выбары і пакаранне адказных за масавыя рэпрэсіі. Улада задзеяла ўвесь сілавы апарат на тое, каб застацца.

Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна»: «Гэта кажа пра сурʼёзны прававы дэфолт у грамадстве, калі прававая сістэма папросту не працуе.

Сітуацыя, у якой ні ўдзельнікі акцыяў, ні журналісты, якія там працуюць, не ўпэўненыя, што сёння вернуцца дамоў.

Барыс Гарэцкі, «Беларуская асацыяцыя журналістаў»: «Трэба зняць капялюш перад усімі, хто асвятляе гэтыя пратэсты, перад кожным, хто ёсць у натоўпе і здымае, хто шукае кропку, каб здымаць зверху і перад кожным хто пускае журналістаў у свае кватэры».

БАЖ заклікае журналістаў – у выпадку затрымання – паўтараць, што журналіст выконвае сваю працу і не парушае закону.

Юлія Цяльпук, «Белсат»