Прадпрымальнікі аплацілі рамонт – ім павысілі арэнду і выганяюць лідарку


У Гомлі ціснуць на дробных бізнесоўцаў. Адміністрацыя гандлёвага цэнтру «Сакрэт» плануе на траціну падвысіць кошты арэнды і пазбавіцца ад старшыні рады прадпрымальнікаў, якая іх абараняе. Усё гэта пасля таго, як людзі інвеставалі вялізныя грошы ў рамонт павільёнаў.

З 50 да амаль 70 еўраў за квадратны метр – на столькі, паводле прадпрымальнікаў, уласнікі гомельскага ГЦ «Сакрэт» плануюць павысіць арэнду з 1 студзеня. Паўтары-дзве тысячы еўраў на месяц за невялікі павільён – такі выдатак дробныя бізнесоўцы палічылі непасільным.

«Колькі можна плаціць?! У чым прычына павышэння? Еўра ўпаў, таму павышаюць нам арэнду, і з 15 чысла прыняць новыя дамовы? Гэта немагчыма ўявіць! Проста немагчыма! У мяне дамова будзе 66 еўраў з 31 студзеня. Куды больш?! Я вунь у канцы стаю. Навошта больш? Дзе мы жывём?! У Менску такіх цэнаў няма! Нідзе такіх цэнаў няма!» – абураецца прадпрымальніца Святлана Аплесіна.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На такія цэны прадпрымальнікі пагадзіліся самыя яшчэ некалькі гадоў таму – заяўляе кіраўнік гандлёвага цэнтру Сяргей Высоцкі. Яны карысталіся зніжкай, якую ўласнік цяпер намераны забраць:

«Людзі падпісваюць дамову, пагаджаюцца на нейкія ўмовы. Пасля гэтага яны кажуць, што ім цяжка. Яны просяць уласніка гандлёвага цэнтру дапамагчы ім у гэтым пытанні і просяць пра зніжэнне. Кіраўніцтва дае ім зніжку, і ў нейкі момант пераглядае гэтую зніжку», – тлумачыць кіраўнік гандлёвага цэнтру «Сакрэт» Сяргей Высоцкі.

Бараніць сябе прадпрымальнікі «Сакрэту» выходзілі не аднойчы. Супраць росту арэнднай платы ўдвая яны пратэставалі ў 2013 годзе. У 2016-ым выступілі супраць канфіскацыяў маёмасці падатковай інспекцыяй, а таксама супраць сумнавядомага дэкрэту аб сертыфікацыі. А ў студзені гэтага года – супраць пабораў з боку Таварыства абароны правоў спажыўцоў.

«Мы баставалі, мы не выходзілі на працу, мы выклікалі сюды адміністрацыю гораду. Яны выклікалі сюды кіраўніцтва з Менску – і пачыналася ўся гэтая цяганіна. Мы гублялі грошы ды нервы, ужо не было больш нерваў і сілаў!» – узгадвае былая арандатарка ГЦ «Сакрэт» Святлана Калачова.

10 гадоў таму крамы ў гандлёвым цэнтры арандавалі 254 прадпрымальнікі. Сёння – у 5 разоў менш. Як кажуць гандляры, пераносіць бізнес ім няма куды, іншых пляцовак, акрамя «Сакрэту», у горадзе не існуе. Правы арандатараў абараняе прадпрымальніцкая рада з Наталляю Дасько на чале. Уласнік паведаміў, што 28 лістапада разрывае з ёю дамову арэнды.

«У аднабаковым парадку са старшынёю Рады прадпрымальнікаў разарвём дамову. Усё, яе няма, рада запалоханая!» – тлумачыць планы адміністрацыі Наталля Дасько.

Уласнік гандлёвага цэнтру і прадпрымальнікі пайшлі развязваць канфлікт да старшыні Цэнтральнага раёну Гомля Дзмітрыя Лебедзя. У выніку Наталлю Дасько адміністрацыя паабяцала не высяляць, а цэны арэнды павысіць нязначна. Пакуль Дасько гэтым рашэнням не давярае. Маўляў, у перамозе яна ўпэўніцца, толькі калі ўбачыць пагадненні на паперы.

Аляксандр Папко belsat.eu