Перамозе над нацызмам – 74 гады


Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень Перамогі. Менавіта 9 траўня, паводле постсавецкае традыцыі, скончылася Другая сусветная вайна ў Еўропе. Апроч афіцыйных святкаванняў можна было пабачыць на вуліцах беларускіх гарадоў і акцыі «Несмяротнага палку». Нешматлікія, але правакацыйнага кшталту.

Мір – каштоўнасць, якую ў змаганні з нацысцкім таталітарызмам ахвярна здабывалі мінулыя пакаленні. Сёння Аляксандр Лукашэнка з трыма сваймі сынамі ўсклаў кветкі да сталічнага манументу Перамогі. Павіншаваўшы людзей са святам, кіраўнік краіны пракаментаваў і існую палітычную сітуацыю ў свеце:

«Нас немагчыма нахіліць або зрынуць, як сёння гэта адбываецца ў Венесуэле, як учора гэта пачалося ў Сірыі, Лівіі ды іншых дзяржавах».

Адзначалі ж 9 траўня не толькі на дзяржаўным узроўні. Людзі з георгіеўскімі стужкамі без перашкодаў падыходзілі на плошчу Перамогі, хаця акцыю «Несмяротнага палка» у Менску дазволілі толькі ля дамка Першага З’езду РСДРП.

«Гэта мой дзядзька. Майго бацькі родны брат. Ён ваяваў на фронце. Зараз яго ўжо, на жаль, няма. Слапінскі Мікалай Іванавіч», – кажа ўдзельнік акцыі.

Апроч партрэтаў герояў вайны ўдзельнікі неслі выявы Сталіна і нават Леніна і Берыі. Некаторыя не хавалі сваёй блізкай сувязі з Расеяй.

«Мы ходзім ад «Россотрудничества», ад расейскае амбасады. Мы наведваем, там гістарычныя тэмы, і пераходзім заўсёды да сучасных», – распавядае адна спадарыня.

«– А дзе ён ваяваў? – пытае наш карэспандэнт удзельніка акцыі пра яго бацьку.

– На ўсім Беларускім фронце.

– А пасля вайны?

– А пасля вайны там яшчэ ў Сумах. З бандэраўцамі, карацей, давялося яшчэ ваяваць».

У выніку некалькі соцень удзельнікаў «Несмяротнага палка» разам з усёй атрыбутыкай далучыліся да афіцыйнай імпрэзы.

Сёлета міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч не апранаў формы НКВД. Але ў натоўпе на Плошчы знайшліся дзве такія асобы.

«Я адміністратар групы «Вясёлы чэкіст», прыехала з Масквы», – засведчыла на камеру дзяўчына.

У Віцебску, нягледзячы на забарону, таксама прайшла акцыя «Несмяротны полк». У ёй узялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі казацтва і грамадскага абʼяднання «Русский дом». Міліцыя на акцыю ніяк не рэагавала.

У падгомельскай Касцюкоўцы сёння Дзень Перамогі адзначылі тэатральным спектаклем – інсцэнізавалі ўзяцце Райхстагу. Ролю колішняга нямецкага парламенту ўзяў на сябе тутэйшы дом культуры, а нямецкіх і савецкіх жаўнераў – чальцы рэканструкцыйных клубаў «Памяць», а таксама «53-ці полк НКВД».

«Такія рэчы трэба паказваць нашай моладзі, бо такія рэчы, як Вялікая Айчынная вайна, забываць проста немагчыма», – кажа кіраўнік клубу рэканструкцыі «Памяць» Сяргей Чучвага.

«Трэба больш прасоўвацца ў бок памяці, жалю, успамінаў пра загінулых», – лічыць удзельнік таго ж клубу Алег Камароў.

Афіцыйнае ж святкаванне Дня Перамогі завершыцца ў Менску. А 23 гадзіне жыхары сталіцы змогуць пабачыць святочны салют, які запусцяць з шасці пунктаў у горадзе.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu