У сакавіку Аляксандр Лукашэнка лаяў і звальняў чыноўнікаў Магілёўскай вобласці, калі пабачыў брудную карову на ферме даволі паспяховага аграхолдынгу. Але ў глыбінцы, у гаспадарках дзяржаўнай уласнасці, дзеяцца сапраўдныя жахі: незаконна закапаныя трупы жывёлы, цэлыя азёры з гною ды агрэсіўныя ўпраўленцы, якія баяцца камеры.
Да нас звярнуўся ветфельчар гаспадаркі «Хвінявічы», што ў Дзятлаўскім раёне Гарадзенскай вобласці, ды распавёў, што ў калгасе гінуць каровы з прычыны парушэння ўмоваў іх утрымання. Дах кароўнікаў прадзіравіўся і працякае, у вокнах замест шыбаў нацягнутая плёнка, а кіраўніцтва ўтойвае памор жывёлы.
На ферме «Гута» мы знайшлі яміну, у якой бачная галава здохлай жывёліны. На гэтай ферме жывёлінаў не захоўваюць на магільніках, як гэтага патрабуюць правілы, а закопваюць вось у такіх ямах. Каровы ў гаспадарцы гінуць не ўпершыню, у ямах не толькі свежыя трупы, але і косткі. Пуні для сена і адрынец для кармоў ужо даўно патрабуюць рамонту. А з двух ямінаў для сіласу запоўненая толькі адная.
Мы ўжо распавядалі сёлета пра мор кароваў у Горацкім раёне на Магілёўшчыне. З голаду паміралі жывёліны ў гаспадарцы «Мормаль», што на Жлобіншчыне. Паўсюль праблема падобная.
Якаў Антановіч, ветфельчар:
«Яны спрабуюць схаваць паморы, таму што гэта для статыстыкі вельмі дрэнна. Не атрымаюць прэміі. Напрыклад, біркі памерлых цялятак раз’ядноўваюцца ў гарачай вадзе і чапляюць на іншага цяля, якое нарадзілася. А гэтае цяля ставіцца мёртванароджаным».
Намеснік старшыні гаспадаркі, у якога мы спрабавалі пацвердзіць інфармацыю аб праблемах, размаўляць катэгарычна адмовіўся і патэлефанаваў у міліцыю. Іван Ступчык, намеснік старшыні калгасу:
«Алё, міліцыя? Добры дзень. Намеснік дырэктара Ступчык Іван Мікалаевіч. Тут прыехаў аўтамабіль, вядуць несанкцыянаваныя здымкі».
Чакаць пільных праваахоўнікаў доўга не давялося. Але міліцыянты парушэнняў закону з нашага боку не пабачылі і дазволілі працягнуць працу. Пасля скаргаў працаўнікоў фермы гаспадарку правярала камісія з прадстаўнікоў мясцовай улады.
«На фермах гэтых старых яны нічога не знайшлі», – кажа ветфельчар Якаў Антановіч.
Тым часам галоўны заатэхнік калгаса «Хвіневічы» Марыя Слушко ўпэўненая, што гаспадарка ў поўным парадку:
«Няма ў нас памора скаціны! Чаго вы прычапіліся? За год 11 галоў, нават адсотку няма».
І на іншай ферме «Пушча» нам не былі радыя. Сітуацыя з гаспадаркаю тут выглядае падобна. Знайшліся і нядаўна выкапаныя ямы ды нават возера з гноем. У Дзятлаўскім райвыканкаме аб праблемах ужо ведаюць.
Аляксандр Дубовік, старшыня райвыканкаму:
«Трэба будзе разбірацца, чаму. Таму што мы разбіраліся, я асабіста быў там, апытваў загадчыцу. Ніякіх заўваг не было. Зараз буду разбірацца».
Разбірацца давядзецца не толькі з паморам кароваў і недагледжанымі тэрыторыямі, а і з непрыбранымі кукурузнымі палямі. Кукурузу мусілі ўжо прыбраць на корм жывёле. Але яна пажаўцела і ў такім выглядзе можа пайсці толькі на посцілку. Сіласныя ж ямы на фермах запоўненыя толькі напалову, а значыць, зімоўка кароў можа быць галоднай.
Алена Дубовік belsat.eu