Паліва падаражэла – у дваццаць трэці раз за год. Чым абгрунтаваныя такія захады?


Даволі адчувальнае – у гадавым пераліку – падаражэнне зазналі беларусы. Канцэрн «Белнафтахім» чарговы раз павялічыў на адну капейку кошты бензіну і дызельнага паліва. Чым абгрунтаваныя такія захады? І ці варта чакаць большых цэнаў налета?

Цэны павысіліся 23-ці раз за год. Літр бензіну 98-й маркі цяпер каштуе 1 рубель 98 капеек, а літр 95-га бензіну і дызпаліва – 1 рубель 69 капеек.

Падаражэла расейская нафта – тлумачыць канцэрн «Белнафтахім». Цэны на паліва ўрад павышае нават тады, калі цэны на нафту не растуць – не пагаджаецца эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

«Гэта не рынкава абгрунтавана. Гэта абгрунтавана тым, што яны шукаюць новыя паступленні ў бюджэт, каб працягваць падтрымліваць тыя самыя стратныя прадпрыемствы», – перакананы эксперт.

З пачатку года літр 95-га бензіну падаражэў на пятнаццаць капеек. Ці адчулі гэта нашыя аўтамабілісты?

«Адчуваецца, і ўсім адчуваецца! Таму што цэны растуць, а заробкі застаюцца ранейшымі!»

«Гэта б’е па сямейным бюджэце, у першую чаргу!»

«Калі хто працуе ў таксі і запраўляецца бензінам, вельмі дорага атрымліваецца».

«Там адна капейка, у наступным месяцы адна капейка, яшчэ і яшчэ – і так назапашваецца вельмі вялікая сума. Аднак навошта гэтыя нервы, калі ўсё адно павысяць і ўсё адно запраўляцца трэба!»

«Мы рады гэтаму. Чым даражэйшае паліва, тым краіна жыве весялей!» – кажуць жыхары Менску.

Колькі будзе працягвацца такая весялосць? Калі Крэмль не скампенсуе Беларусі павышэння ўнутрырасейскіх цэнаў на нафту, то ў 2025 годзе яны зраўняюцца з еўрапейскімі. Гэта значыць, бензін у нас падаражэе ў паўтара разу – прадказвае Станіслаў Івашкевіч.

«Калі ж кошты на сыравіну для Беларусі не будуць расці, а будзе нейкая кампенсацыя за падатковы манеўр з боку Расеі, то ўлады ўсё роўна будуць павялічваць кошты на бензін, таму што няма сродкаў у бюджэце», – кажа эксперт.

Такім чынам, цяперашняе павышэнне – не апошняе, і цэны на паліва раней ці пазней наблізяцца да еўрапейскіх. Пра заробкі беларусаў эканамісты такіх аптымістычных прагнозаў не робяць.

Аляксандр Папко, «Белсат»