Беларус Кірыл Сівончык два гады адбываў пакаранне ў Расеі паводле абвінавачання ў публічных закліках да тэрарызму. Цяпер маладзён вярнуўся на радзіму. Ягоны прысуд з пачатку выклікаў шмат пытанняў.
«Я ўвогуле не думаў, што такое можа адбыцца. Шмат хто казаў пасля суда, што я пісаў для грошай. Нічога такога не было. Але я не ведаў, што за такое могуць судзіць і даць рэальны тэрмін».
Падставаю крымінальнага пераследу сталі публікацыі ў сацыяльных сетках дзеля падтрымання Украіны, з асуджэннем расейскай палітыкі. У якасці доказаў фактаў публічнага закліку да тэрарызму следства выкарыстала, між іншага, вось гэты малюнак украінскага жаўнера. Сваю віну Кірыл Сілівончык прызнаў. Абскарджваць вырак ён не стаў.
«Я нядаўна зайшла на расейскі сайт з поўным спісам палітзняволеных. Там ці не кожны трэці сядзіць за рэпосты. Я абсалютна ўпэўненая, што немагчымасць спецслужбаў кантраляваць сусветнае сеціва выклікае неадэкватную рэакцыю з іхнага боку: пасадзіць як мага больш, каб іншыя баяліся і сядзелі ціхенька нават у сеціве».
Кірыл Сілівончык адбываў пакаранне ў калоніі, якая ў Расеі мае вельмі кепскую рэпутацыю.
«Гэта адна з жорсткіх калоніяў у Ніжнегародскай вобласці. Там было шмат катаванняў у свой час. У той момант, калі я туды трапіў, там крыху было лягчэй».
Тыя, хто ўважліва сачыў за лёсам Кірыла Сілівончыка, перакананыя, што ягоная сітуацыя магла б быць яшчэ горшая, калі б не рэакцыя неабыякавых людзей у Беларусі ды за яе межамі. Ужо на пачатку справа не выклікала аптымізму.
«Нашыя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітзняволенымі тры асобы, але Сілівончык да іх не адносіцца. Гэта значыць, што ён не мог разлічваць на дапамогу з боку праваабаронцаў».
Адным з тых, хто першы зацікавіўся гісторыяй Кірыла Сілівончыка, быў блогер Эдуард Пальчыс. Пазней і яго асудзяць за публікацыі супраць «рускага міру» ў Беларусі. Адміністратар сайту «1863x.com» атрымаў год і дзевяць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
«Пра яго мы даведаліся, калі яго ўжо асудзілі. Я памятаю, як яго знайшоў. Нічога было невядома. Проста: беларус у Ніжнім Ноўгарадзе асуджаны».
«Праз дзень інтэнсіўных пошукаў мы знайшлі фотаздымак, мы знайшлі імя прозвішча, потым даведаліся тэлефон сваякоў. Пасля актыўна падключыўся Андрэй Кім, які арганізаваў візіт адпаведнага адваката да Кірыла ў СІЗА».
Гісторыя Кірыла Сілівончыка выклікае яшчэ адное пытанне: колькі беларусаў сядзяць за свае погляды ў расейскіх турмах?
«І ўкраінцы не ведаюць, колькі іх суайчыннікаў сядзіць у Расеі, і мы не ведаем: магчыма ёсць і іншыя беларусы, якія сядзяць у Расеі за свае перакананні, за салідарнасць з Украінаю».
Цяпер Кірыл Сілівончык плануе наладзіць жыццё на радзіме. Аднак ужо сёння не можа выключыць, што пасля расейскай турмы ён трапіць пад пільнае вока айчынных спецслужбаў.
Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: svaboda.org