Паказаць, што Лукашэнка смяротны. Новыя захады расейскіх прапагандыстаў


Лукашэнка сабраўся ў адстаўку. З гэткімі загалоўкамі сёння выйшлі матэрыялы ў цэлым шэрагу расейскіх медыяў. Што сталася падставай для чарговага распаўсюду фэйкавай інфармацыі? І якога адказу варта чакаць ад беларускіх уладаў? Высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Чарговую фальсіфікацыю ад тэлеграм-каналу «Незыгар» у адзін момант падхапіў цэлы шэраг расейскіх СМІ: быццам са спасылкаю на крыніцу ў адміністрацыі прэзідэнта сцвярджаецца, што Лукашэнка пастанавіў сысці ў адстаўку. Канал належыць аднаму з кіраўнікоў расейскага інфармацыйнага агенцтва ТАСС.

«Ёсць такія людзі, якія проста забаўляюцца такім чынам. Але ёсць людзі, якія так тузаюць за вусы, паказваюць, што «а давайце паразмаўляем на гэты конт, а можа быць, гэта магчыма?» Для вот такіх рэсурсаў – гэта хутчэй паказаць, што чалавек можа быць смяротным, а часам раптоўна», – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт.

А тут яшчэ і дыпламатычнае пікіраванне на такім фоне. Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіч паскардзіўся на недастатковае імкненне Менску да інтэграцыі. Беларускае ж Міністэрства замежных справаў сёння адказала, што Бабіч «не разумее розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай». Амбасадар рашуча заявіў: гэта ўсё – балбатня.

«Выклікае занепакоенасць нарастанне дэструктыўных уздзеянняў на грамадства, маніпуляцыя масавай свядомасцю, распаўсюд непраўдзівай інфармацыі. Менавіта з гэтага пачынаюцца сацыяльная катаклізмы сучаснасці», – заяўляе Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

І менавіта гэтых катаклізмаў імкнецца пазбегнуць кіраўніцтва краіны перад выбарчымі кампаніямі, якія хутчэй за ўсё адбудуцца сёлета. А тут яшчэ і праблемы ў палітычных стасунках са «стратэгічным партнёрам».

«Мы ведаем публічныя заявы з боку ўладаў Расеі – той жа ўльтыматум Мядзведзева. Але магчыма, штосьці ёсць яшчэ глыбей. Магчыма, ёсць больш істотныя патрабаванні, чаканні расейскага боку», – каментуе Алесь Лагвінец, заснавальнік «Дзеі».

Але тое ўльтыматумы расейскай вертыкалі. Паводле шэрагу апытанняў, рэйтынг даверу да Лукашэнкі ва ўсходняй частцы Саюзнай дзяржавы можа сягаць 60 адсоткаў. Імідж «моцнага лідара» у дзеянні.

«Гэта самы разумны прэзідэнт, якога я ўвогуле бачыла».

«Кажуць, таму што ў Беларусі жыць добра».

«Сапраўдны мужык! Характар цвёрды, клапаціцца пра людзей, пра сваю краіну!»

«Здаецца, нармальны чалавек. З Расеяй не канфліктуе, нармальна жывем».

«За краіну сваю стаіць, не дае яе разрабаваць, таму і паважаю», – гавораць жыхары Кемерава.

Магчыма, дзеля разбурэння падобнага вобразу як унутры, гэтак і па-за межамі Расеі суседнія медыі рэгулярна праводзяць адмысловыя інфармацыйныя аперацыі. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі тлумачыць:

«Мы можам сутыкнуцца з тым, што будуць паказаныя тыя самыя «хросныя бацькі», ужо знятыя на расейскім тэлебачанні. Па-другое, можам пабачыць, калі пачнецца абмеркаванне сітуацыі кшталту «было б класна, калі б увялі расейскі рубель у Беларусі»… Ёсць групы ў сацыяльных сетках, якія схільныя падтрымліваць такога кшталту лозунгі».

Але дзеля абароны ўласнай інфармацыйнай прасторы нішто не можа забараніць уладам Беларусі карыстацца сваім любімым інструментам – рубільнікам: прыціскаць ці нават зусім блакаваць каналы распаўсюду ўсёй нявыгаднай для кіраўніцтва краіны інфармацыі.

І хоць Крэмль пры дапамозе штатных і пазаштатных прапагандыстаў, а таксама нават высокапастаўленых чыноўнікаў спрабуе заступіць дарогу ўладам Беларусі, айчыннае кіраўніцтва ад свайго кірунку адхіляцца не збіраецца.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu