Пагроза «Біблейскага голаду»


Чалавецтва можа сутыкнуцца з голадам «біблейскіх маштабаў» з-за пандэміі каронавіруса, калі харчовая бяспека не будзе забяспечаная належным чынам папярэджваюць прадстаўнікі сусветнай харчовай праграмы. Згодна з апошнім дакладам арганізацыі абʼяднаных нацыяў, колькасць людзей якім пагражае нястача харчоў у бягучым годзе можа вырасці са 130 да 265 мільёнаў чалавек!

Рэжым сусветнай самаізаляцыі і эканамічная рэцэсія, спрычыненая каронавірусам, ужо адчувальна бʼюць па жыхарах найбяднейшых краінаў.

«У той самы час, калі мы маем справу з пандэміяй COVID-19, мы аказаліся на мяжы голаду. Апошнія некалькі месяцаў, яшчэ да таго, як каронавірус стаў праблемаю, у размовах з сусветнымі лідарамі я казаў, што 2020 год з розных прычынаў сутыкнецца з найгоршым гуманітарным крызісам з часу Другой сусветнай вайны», – кажа Дэйвід Бізлі, выканаўчы дырэктар сусветнай харчовай праграмы.

Паводле яго, да канца бягучага года з востраю нястачаю ежы могуць сутыкнуцца 265 млн. чалавек. Гэты лік удвая большы за леташні прагноз, бо праз пандэмію каронавіруса на мяжы голаду апынуліся яшчэ 130 млн чалавек.

«У найгоршым выпадку голад прыйдзе прыкладна ў тры дзясяткі краінаў, і фактычна ў дзесяці з гэтых краінаў ужо маем больш за мільён чалавек на краіну, якія перабываюць на мяжы голаду. Без дапамогі Сусветнай харчовай праграмы «штодня ад голаду будуць паміраць 300 тысячаў чалавек», – кажа Бізлі.

Паводле апошняй справаздачы ААН аб харчовых крызісах, больш за палову галодных, а гэта 73 мільёны чалавек, жывуць у Афрыцы. 43 мільёны – на Блізкім Усходзе і ў Азіі, а 18 з паловай мільёнаў – жыхары Лацінскай Амерыкі ды Карыбскага басейну.

У зоне рызыкі – у першую чаргу краіны ў стане вайны, а таксама, закранутыя эканамічным крызісам і наступствамі кліматычных зменаў. Сярод іх – Емен, Гаіці, Конга, Афганістан, Сірыя, Венесуэла, Эфіопія, Судан, Нігерыя і Паўднёвы Судан.

«Нідзе ў свеце няма такога нізкага ўзроўню харчовай бяспекі, як у Паўднёвым Судане. У мінулым годзе нам давялося накарміць 5 мільёнаў чалавек – з-за войнаў і паводкі. Ужо ў 2020 годзе ў нас адбылося нашэсце саранчы, а цяпер пандэмія COVID-19, якая, паводле нашых прагнозаў, падвоіць колькасць людзей, якія адчуваюць востры голад», – зазначае Мэт’ю Голінгўарт, кіраўнік харчовай праграмы ў Паўднёвым Судане.

13 красавіка ААН паведаміла, што ў Эфіопіі саранча знішчыла 200 тысяч гектараў пасеваў, таму каля мільёна чалавек аказаліся пад пагрозаю голаду. Агульная сітуацыя пагаршаецца і тым, што пакуль краіны-донары запавольваюць вылучэнне сродкаў, неабходных, каб стварыць лагістычныя цэнтры для дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Толькі ў бліжэйшы час на гэтыя мэты спатрэбіцца 350 мільёнаў долараў. Лідары харчовай праграмы заклікаюць неадкладна спыніць канфлікты і забяспечыць людзям доступ да гуманітарнай дапамогі, інакш пагроза голаду, якога яшчэ не было ў сучаснай гісторыі, можа стаць цалкам рэальнай.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»