Пачалося новае паляванне на дармаедаў


Сярод першых гэтак званыя лісты шчасця пачалі дасылаць выканкамы Шклова, Смаргоні і Бабруйску. Грамадзянаў, звестак аб працаўладкаванні якіх чыноўнікі не маюць, просяць пацвердзіць сваю занятасць. Датычыць патрабаванне будзе і тых, хто працуе за мяжою.

«Гэтыя камісіі цяпер шукаюць сабе працу. Яны напэўна складаюць спісы людзей, ад якіх у першую чаргу не аплачваюцца ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. І вось яны па гэтай базе ідуць і правяраюць», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле Дэкрэту № 3, які паўстаў яшчэ ў 2015-ым годзе, беспрацоўныя больш за паўгода грамадзяне меліся сплаціць дзяржаве адмысловы падатак. Новаўвядзенне выклікала хвалю абурэння ў грамадстве, тады ўлады часова прыпынілі дзейнасць дэкрэту. Аднак ужо неўзабаве з’явілася яго абноўленая версія, з абавязкам кампенсаваць субсідаваныя дзяржаваю паслугі. Жыхары Магілёва абураюцца:

«Я хачу – папрацую год, адпачываю пяць гадоў. Я маю права? У Канстытуцыі напісана. Таму я лічу гэта парушэннем Канстытуцыі».

«Калі чалавек не працуе, то з чаго яму плаціць? Калі так разабрацца. Я ў гэтым плане супраць».

«Дармаеды ў фатэлях сядзяць. Хай ідуць і працуюць!»

Гэтак, уздзейнічаць на дармаедаў цяпер будуць праз сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ужо з першага студзеня беспрацоўныя маюць плаціць поўны кошт за гарачую ваду, а з першага кастрычніка – таксама і ацяпленне. 80 адсоткаў тарыфу на гэтыя паслугі цяпер нібыта субсідуе дзяржава. Пры гэтым разлік будзе агульны: як для тых, хто трапіў у спіс, гэтак і для сямейнікаў, зарэгістраваных у кватэры дармаеда.

«Павінны яны проста ўзяць ды эканоміку пачаць у рэшце рэфармаваць. Інвестыцыі ў краіну прыцягваць. І займацца менавіта тым, каб эканоміка працавала, а не глядзець у бок кішэні таго чалавека, які не са сваёй віны апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі», – кажа Леанід Судаленка, праваабаронца.

Тым не менш у праблеме ўлады нібыта не бачаць сваёй віны і рапартуюць: беспрацоўе ў Беларусі не сягае нават аднаго адсотка. Што праўда, узровень фактычнага беспрацоўя паводле звестак Белстату адрозніваецца ў чаты разы ад афіцыйна зарэгістраванага. Прапанова вакансіяў на рынку працы паводле афіцыйнай інфармацыі гэтак жа перавышае попыт. А як на справе? Жыхары Магілёва:

«У мяне вышэйшая адукацыя, мне прапаноўваюць ісці нейкім прадаўцом на тры мільёны, з незразумелым графікам. Вядома, я не магу пайсці на такую працу. Бо мне трэба і дзяцей з саду забіраць, і гурткі, і ўсё такое, дык я таксама буду лічыцца дармаедам».

«Грошай не плацяць, праца ж ёсць».

«Мы нікому не патрэбныя. Пагатоў маладых беспрацоўных колькі, я разумею паводле сваіх дзяцей, што не проста. Мае дзеці, калі злавілі працу, то вы б бачылі, як яны за яе трымаюцца».

Першыя спісы гэтак званых дармаедаў маюць быць сфармаваныя да 1-га снежня сёлета, а ўжо з 1-га студзеня ўступае ў моц новая версія дэкрэту.

Юлія Лабанава, belsat.eu