Па колькасці захворванняў на COVID-19 Беларусь перагнала Польшчу


– А ў вас нікога не забралі?

– Не, у нас адзін чалавек чалавек ляжыць з пнеўманіяй. А што кажуць, што ў нас 50 чалавек хварэе, то, ведаеце, у нас у манастыры з працаўнікамі чалавек 40 усяго. Малыя Ляды, Свята-Дабравешчанская царква каля Менску. Менавіта сюды ў праваслаўны Вялікдзень разам з малодшым сынам прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер святыня зачыненая на каранцін.

«Мы яго чакалі як Бога, чакалі яшчэ летась. Што такое прэзідэнт? Вось у нас асфальт быў толькі да нашага дому, а цяпер – да канца вёскі паклалі», – распавядае Таццяна, жыхарка Малых Лядаў.

Паводле мясцовых, якія на камеру размаўляюць неахвотна, на службе з кіраўніком краіны з мясцовых былі толькі трое. Дасюль у манастыры ўжо кепска пачуваўся епіскап Веньямін. Наведваць іншыя святыні і грамадскія месцы ў Беларусі можна. Улады па-ранейшаму не бачаць падставаў для ўвядзення каранціну. А вось Сусветная арганізацыя здароўя заклікала беларусаў скараціць перамяшчэнні без неабходнасці.

«Супольныя захады перасцярогі ды перадусім захаванне дыстанцыі паміж людзьмі можа дапамагчы перадухіліць і запаволіць распаўсюд віруса. Гэта дазволіць медычным установам выкарыстаць час, каб падрыхтаваць рэсурсы – медычных працаўнікоў, месцы ў шпіталях, ізаляваныя палаты, аддзяленні рэанімацыі ды інтэнсіўнай тэрапіі», – кажа сталая каардынатарка ААН у Беларусі Ёанна Казана-Вісьнёвецка.

Рэсурсаў айчынным шпіталям і праўда не стае. Гэтак, доктар адной за гарадскіх больніцаў Віцебску, а гэты абласны цэнтр адным з першых у краіне стаўся асяродкам хваробы, распавёў пра нястачу тэстаў для выяўлення «Ковід-19», медыкаў і палатаў для размежавання хворых. Пацыентаў ён прасіў паставіцца да сітуацыі з разуменнем: маўляў, установы аказаліся не падрыхтаваныя да эпідэміі.

«У нас напалову ваеннае становішча. Увесь горад забіты пнеўманіяй. Гэта не звычайная сітуацыя, каб практолаг лекаваў пульманалагічных хворых. Гэта нармальна? Не, але такая сітуацыя ўзнікла. Дактароў няма, заўтра прыйдзе яшчэ адзін лекар, але ён таксама практолаг», – кажа лекар.

Штодня хворых у нашай краіне более. Толькі за мінулыя содні колькасць станоўчых тэстаў на «Ковід-19» перавысіла 900. Цяпер інфікаваных маем больш, чымся ў суседняй Польшчы, але пры гэтым смерцяў – у разы менш. Ці можа смяротнасць ад каронавіруснай хваробы ў Беларусі сапраўды складаць менш за адсотак, у той час як такіх паказнікаў не маюць краіны з высокім узроўнем развіцця медыцыны? Прычына можа быць у метадзе падліку. На прыкладзе грыпу сітуацыю тлумачыць доктар з Украіны.

«Дасюль у нас па паказніках у краінах СНД смяротнасць ад грыпу невысокая. Гэта не звязана з тым, што наданне медычнай дапамогі лепшае, проста мы лічым крыху па-іншаму выпадкі памерлых. То бок яны ідуць у статыстыку памерлых ад інсультаў, ад інфарктаў, ад пнеўманіі, не трапляюць у статыстыку памерлых ад грыпу. Можа быць, тут таксама такая сітуацыя», – мяркуе дацэнт кафедры інфекцыйных захворванняў Нацыянальнага медуніверсітэту Украіны Віталь Еўтушэнка.

Паводле тэмпаў росту захваральнасці на колькасць насельніцтва Беларусь блізкая да Расеі. Якая паводле ліку хворых цяпер апярэджвае Кітай (93 558). Новых выпадкаў за содні больш за 6 тысячаў. Дактары шпіталю ў мясцовасці Камунарка, што каля Масквы, скардзяцца на нястачу сродкаў аховы ды на неабходнасць працаваць соднямі без адпачынку.

«Нам перасталі даваць месца, дзе можна паесці, у нас не было пакояў, дзе мы маглі адпачыць, працуючы двое–трое содняў», – кажа былая медсястра шпіталю ў Камунарцы Наталля Любімава.

Тым часам Італія – лідар у колькасці смерцяў у Еўропе – распрацавала паступовы план выхаду з каранціну. Гэтак, ужо 4 траўня італьянцам будзе можна наведваць сваякоў, гуляць у парках. Штопраўда, у масках і захоўваючы дыстанцыю. З першага чэрвеня – з пэўнымі абмежаваннямі – адчыняцца рэстараны, салоны прыгажосці і цырульні.Агульная колькасць хворых на «Ковід-19» у свеце перавысіла тры мільёны. Больш за дзвесце тысяч асобаў памерлі.

Юлія Лабанава, «Белсат»