Пабіў няпоўнагадовага – трапіў на лаву падсудных. Супраць ужо былога падпалкоўніка міліцыі Уладзіслава Антоненку завялі крымінальную справу. Як паказала следства, злачынства было здзейсненае пад уплывам алкаголю.
На заўвагу няпоўнагадовага Уладзіміра Шлемава, што гадаванец быў без намордніка, міліцыянт адказаў кулакамі. Сёння былы начальнік Веткаўскага РАУСу цалкам прызнаў сваю віну.
«Чалавекам з абвінавачваннем такога рангу – гэта першая справа за ўсе гады, што я работаю ў пракуратуры. Такога больш не было, і я спадзяюся, болей не будзе», – пракаментаваў працэс намеснік пракурора па Гомлі Аляксей Гаўрыкаў.
Далёка не кожная справа даходзіць да суда. Гэтак, у чэрвені гэтага года адзначылася ўсё тая ж Веткаўская міліцыя. Ужо новы начальнік РАУСу Уладзімір Кошман завітаў апоўначы ў прыватны дом Сяргея Помазава і патрабаваў дакументы.
Тым часам перапалка з мясцовым начальнікам і патаптаны дыван – далёка не найгоршае, з чым сутыкаюцца беларусы. У снежні мінулага года ў Століне старэйшы інспектар Вадзім Прылуцкі пабіў 9-цігадовага хлопчыка. Справу замялі, а міліцыянт дасюль працуе на сваім месцы.
Летась у Менску на 2 гады «хіміі» асудзілі Аляксандра Харуту, маўляў, збіў АМАПаўца Алега Шарка. Хаця сведчанні і праведзеная экспертыза ўказвалі на адваротнае.
У выніку міліцыя ўсё больш нагадвае зусім не абаронцаў закону, а надзвычайную касту. Ці стане суд над Уладзіславам Антоненкам выключэннем – пакажа вырак. Канчатковы разгляд справы перанеслі на 1-га жніўня.
Алесь Яшчанка, Вітаўт Сіўчык, «Белсат»